Місія Духа Святога ў Царкве Калі здзейснілася справа, якую Айцец даручыў Сыну выканаць на зямлі (пар…

Місія Духа Святога ў Царкве

Калі здзейснілася справа, якую Айцец даручыў Сыну выканаць на зямлі (пар. Ян 17, 4), у дзень Пяцідзесятніцы Дух Святы быў пасланы няспынна асвячаць Царкву, каб вернікі праз Хрыста мелі ў адным Духу доступ да Айца (пар. Эф 2, 18). Ён сам ёсць духам жыцця, або крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае (пар. Ян 4, 14; 7, 38-39); праз Яго Айцец ажыўляе людзей, памерлых праз грэх, пакуль не ўваскрасіць іх смяротныя целы ў Хрысце (пар. Рым 8, 10-11). Дух жыве ў Царкве, а таксама ў сэрцах вернікаў, як у святыні (пар. 1 Кар 3, 16; 6, 19), у іх моліцца і дае сведчанне ўсынаўлення (пар. Гал 4, 6; Рым 8, 15-16 і 26). Ведучы Царкву да ўсёй праўды (пар. Ян 16, 13) і яднаючы яе ў супольнасці і служэнні, надзяляе яе рознымі іерархічнымі і харызматычнымі дарамі, накіроўвае яе і аздабляе сваімі пладамі (пар. Эф 4, 11-12; 1 Кар 12, 4; Гал 5, 22). Моцай Евангелля Ён захоўвае Царкву маладою, няспынна абнаўляе яе і вядзе да дасканалай еднасці са сваім Абраннікам. Сапраўды, Дух і абранніца кажуць Госпаду Ісусу: «Прыйдзі!» (пар. Ап 22, 17).

Так уся Царква паўстае як «народ, з’яднаны еднасцю Айца і Сына, і Духа Святога».

Уся супольнасць вернікаў, якія маюць намашчэнне ад Святога (пар. 1 Ян 2, 20 і 27), не можа памыліцца ў веры і выяўляе сваю адметнасць праз звышпрыроднае пачуццё веры ўсяго народу, калі, «пачынаючы ад біскупаў аж да апошняга са свецкіх вернікаў», яна праяўляе сваю ўсеагульную згоду ў пытаннях веры і звычаяў. Дзякуючы гэтаму пачуццю веры, якое абуджае і падтрымлівае Дух праўды, Божы народ пад кіраўніцтвам святога Настаўніцкага Інстытута Царквы прымае ўжо не чалавечае, а сапраўды Божае слова (пар. 1 Тэс 2, 13), непахісна трымаецца веры, аднойчы перададзенай святым (пар. Юд 3), глыбей спасцігае яе з дапамогай слушнай ацэнкі і паўней выкарыстоўвае яе ў жыцці.

Акрамя таго, сам Дух Святы праз таінствы і паслугі не толькі асвячае, вядзе і аздабляе дабрадзейнасцямі Божы народ, але, «удзяляючы кожнаму паасобку, як жадае» (1 Кар 12, 11) свае дары, размяркоўвае сярод вернікаў кожнага стану асаблівыя ласкі, з дапамогай якіх робіць іх здатнымі і гатовымі здзейсніць розныя справы і абавязкі, карысныя для аднаўлення і далейшага будавання Царквы паводле сказанага: «Кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць» (1 Кар 12, 7). А паколькі гэтыя харызмы — як найслаўнейшыя, так і самыя простыя і больш распаўсюджаныя — надзвычай адпавядаюць патрэбам Царквы і з’яўляюцца карыснымі, іх трэба прымаць з удзячнасцю і суцяшэннем.

Дагматычная канстытуцыя пра Царкву «Lumen gentium» Другога Ватыканскага сабора (Nn. 4 et 12)