2 чэрвеня – памяць сьв. Нічыпара, патрыярха Канстанцінопальскага, вызнаўцыНічыпар паходзіў са знака…

2 чэрвеня – памяць сьв. Нічыпара, патрыярха Канстанцінопальскага, вызнаўцы

Нічыпар паходзіў са знакамітага роду, атрымаў выдатнае выхаваньне. Нарадзіўся ён у Канстанцінопалі каля 758 году ў сям’і імператарскага сакратара. Яго бацька Тэадор пацярпеў за шанаваньне іконаў пры імператары Канстанціне Капраніме і памёр у выгнаньні ў Нікеі.

Нічыпар стаў сакратаром пры двары імператрыцы Ірыны, удзельнічаў у VII Сусьветным саборы – другім у Нікеі (787 г.), які склікала імператрыца Ірына. Адмовіўшыся ад мітусьні імператарскага двору і сьвецкага жыцьця, Нічыпар пачаў весьці аскетычнае жыцьцё ў Мідыкійскім манастыры на беразе Басфору, дзе вывучаў Сьвятое Пісаньне, філасофію і іншыя сьвецкія навукі. У 802-806 гг. вярнуўся ў Канстанцінопаль, дзе кіраваў самым вялікім прытулкам для ўбогіх. Але манаскі пострыг Нічыпар прыняў толькі 5 красавіка 806 году, перад тым, як 12 красавіка, у сьвята Вялікадня, з волі імператара Нічыпара I (802–811) быў узведзены на пасад патрыярха Канстанцінопальскага (сьвятарскія сьвячаньні ён атрымаў 9 красавіка).

Патрыярх Нічыпар мудра кіраваў Царквой (806-815) і адважна абараняў праўдзівую веру, вёў дзеля гэтага перапіску з Папам Рымскім, спадзеючыся атрымаць падтрымку ад пераемніка пасаду сьв. апостала Пятра ў змаганьні з гэрэзіямі.

Аднак у 813 годзе імператарам стаў Леў V Армянін (813-820), праціўнік шанаваньня іконаў, які распачаў перасьледаваньні. 13 сакавіка 815 году ён дамогся праз Сінод адрачэньня патрыярха Нічыпара свайго пасаду і выслаў яго на выгнаньне, адкуль ён працягваў весьці пісьмовую палеміку з іканаборцамі. У 820 годзе, пасьля забойства імператара Льва V, новы імператар Міхаіл II прапаноўваў Нічыпару вяртаньне пры ўмове маўчаньня ў справе шанаваньня іконаў, але ён адмовіўся. Так ён і памёр у выгнаньні як вызнаўца праўдзівай веры ў заснаваным ім манастыры сьв. Тэадора на беразе Басфору 2 чэрвеня 829 году.

Пасьля аднаўленьня іконашанаваньня ў Візантыйскай імперыі на Канстанцінопальскім саборы 843 году патрыярх Мятод, які прыбыў у манастыр сьв. Тэадора, убачыў мошчы патрыярха Нічыпара нятленнымі. З вялікай пашанай яны былі ўрачыста перанесены ў Канстанцінопаль, спачатку ў царкву сьв. Сафіі, а затым, 13 сакавіка 847 году, – у царкву Сьвятых Апосталаў, дзе пахаваныя імператары.

Патрыярх Нічыпар напісаў шэраг значных багаслоўскіх палемічных твораў супраць іканаборцаў. Захаваліся таксама некаторыя яго багаслоўскія пасланьні і каментары. Ён вядомы і як аўтар дзьвюх гістарычных хронік.