Калі слабая душа знаходзіць прызнанне ў людзей дзякуючы зробленаму дабру, нярэдка дазваляе сабе знешнія радасці. Тады занядбоўвае тое, чаго ў глыбіні сэрца жадае. Таму, што чуе звонку, паддаецца ахвотна і настолькі, што менш звяртае ўвагі на сваю дасканаласць, чым на меркаванне пра гэтую дасканаласць. Прымае справядлівыя словы пахвалы і адыходзіць ад таго, чым пачала быць. Аддаляецца ад Бога з-за таго, што, як здавалася ёй, магло зрабіць яе годнай Яго пахвалы.
Здараецца таксама і так, што душа вытрывала чыніць дабро, аднак з яе насміхаюцца людзі. Здзяйсняе цудоўныя рэчы, а сустракаецца са знявагай. І хоць у выніку пахвал яна магла б звярнуцца да таго, што знешняе, яна, спазнаўшы несправядлівасць, звяртаецца да свайго нутра і тым больш умацоўваецца ў Богу, чым больш звонку не мае дапамогі. Цалкам спадзяецца на Стварыцеля і сярод кпінаў і зняваг заклікае Таго, Хто ўсё ведае. Так душа прыніжанага чалавека становіцца тым бліжэй да Бога, чым больш аддаляецца ад людскіх пахвал. Ахвотна моліцца і праз знешняе цярпенне становіцца больш здольнай у спасціжэнні духоўнай рэчаіснасці.
Таму слушна сказана: «Калі хто быў высмеяны сваім сябрам, як я, і будзе заклікаць Бога, Ён выслухае яго» (Ёў 12, 4 Vlg). Калі кепскія людзі робяць прыкрасць добрым, то гэтым паказваюць, якога сведку сваіх чынаў павінны шукаць. Чалавек, які спазнаў прыкрасць, але аддадзены малітве, у душы спазнае дабрыню Бога менавіта таму, што знешне ён пазбаўлены людскіх пахвал.
Ёсць людзі, якімі сапраўды пагарджаюць іншыя і якія не маюць падтрымкі ў Бога. Калі пагарда з’яўляецца пакараннем за здзейсненую несправядлівасць, то зразумела, што з такой пагарды не вынікае ніякая заслуга.
«Высмеянай бывае прастата справядлівага» (Ёў 12, 4 Vlg). Мудрасць гэтага свету выяўляецца ў крывадушным хаванні пачуццяў, у пераіначванні значэння словаў, у паказванні фальшу як праўды і праўды як фальшу.
Мудрасць жа справядлівых наадварот заключаецца ва ўніканні ўсялякай крывадушнасці, у выказванні думак словамі, ва ўмілаванні таго, што праўдзівае, у пазбяганні фальшу, у бескарыслівым здзяйсненні дабра, у больш ахвотным знясенні зла, а не ў яго здзяйсненні, у пакіданні помсты за знявагу, у прызнанні карысным зносіць крыўды за праўду.
Гэтая прамалінейнасць справядлівых высмейваецца. Бо мудрыя гэтага свету лічаць бескарыслівасць намераў безразважнасцю. Усё, здзейсненае ў беззаганнасці, лічыцца неразумным, і глупствам для мудрасці свету здаецца тое, да чаго заахвочвае Праўда.
Св. Рыгор Вялікі