Св. Пётр, першы сярод Апосталаў, той, які шчыра любіў Хрыста, меў шчасце пачуць словы: «I Я кажу табе, што ты – Пётр» (Мц 16, 18). А раней сказаў ён: «Ты – Хрыстос, Сын Бога Жывога» (Мц 16, 16). А Хрыстос адказаў: «Ты – Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Царкву Маю» (Мц 16, 18). На гэтай скале пабудуе веру, якую ты вызнаў. На вызнанні: «Ты – Хрыстос, Сын Бога Жывога», якое сказаў, пабудую Царкву Маю. Бо ты – скала. Імя Пётр паходзіць ад слова «скала», не наадварот. Як імя Пётр паходзіць ад слова «скала», так ад імя Хрыста паходзіць і назва хрысціянін.
Госпад Ісус – як ведаеце – перад сваёй мукаю выбраў вучняў і назваў іх Апосталамі. Сярод іх толькі аднаму Пятру было дадзена не аднойчы ўвасабляць паўсюдную Царкву, таму і пачуў ён словы: «Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага» (Мц 16, 19). Ключы атрымаў не адзін чалавек, але адна і паўсюдная Царква. Веліч Пятра вынікае з таго, што калі яму было сказана: «Я дам табе», ён выступаў ад імя адной і паўсюднай Царквы. Таму ведайце, што гэта Царква атрымала ключы Валадарства. Паслухайце, што ў іншымі месцы Госпад сказаў усім Апосталам: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 22-23).
Таму справядліва пасля свайго ўваскрасення Госпад наказаў Пятру асабіста клапаціцца пра Свае авечкі. Сярод вучняў не толькі ён адзін заслужыў на тое, каб пасвіць авечак Госпада, бо Хрыстос прамаўляе да аднаго, каб падкрэсліць еднасць. Спачатку кажа Пятру, бо Пётр з’яўляецца першым сярод Апосталаў.
Не смуткуй, Апостал! Адкажы Госпаду раз, другі і трэці. Няхай тройчы пераможа вызнанне любові, бо празмерная ўпэўненасць была пераможаная тры разы страхам. Тры разы ты павінен развязваць тое, што тры разы завязаў. Развяжы любоўю, што завязаў страхам. Аднак Госпад тройчы даручае сваіх авечак Пятру.
У адзін і той самы дзень мы ўшаноўваем мучаніцтва двух Апосталаў. Яны таксама стваралі адзінства. Пётр выйшаў першым. За ім пайшоў Павел. Адзначаем сёння ўрачыстасць Апосталаў, асвячаную іх уласнай крывёю. Будзем жа любіць іх веру, жыццё, працу, цярпенне, сведчанне і навуку.
Св. Аўгустын