20 ліпеня 1931 г.у Лондане нарадзіўся Гай Пікарда, ангельскі даследчык беларускай гісторыі і культу…

20 ліпеня 1931 г.у Лондане нарадзіўся Гай Пікарда, ангельскі даследчык беларускай гісторыі і культуры, грамадска-культурны і рэлігійны свецкі дзеяч беларускага замежжа ў Вялікабрытаніі, музыколаг, фалькларыст, скарыназнавец, архівіст, выдавец і аранжыроўшчык беларускай царкоўнай музыкі.

Гай Пікарда паходзіў са старажытнай брэтонскай сям’і. Вучыўся ў Оксфардскім і Сарбонскім універсітэтах, стаў запатрабаваным адвакатам, спецыялістам па міжнароднаму спадчыннаму праву. Адначасова захапляўся царкоўнай музыкай, пераважна ўсходнеславянскай.

Аднойчы Гай Пікарда трапіў на службу ва ўніяцкі храм, які знаходзіцца ў “беларускай вёсцы” Фінчлі на поўначы лонданскага мегаполіса, пачаў там з’яўляцца ўсё часцей і часцей, працаваць у бібліятэцы імя Францыска Скарыны, а потым застаўся пры ёй і жыць.

Асабліва зацікавілі англійскага беларусіста жыровіцкі і супрасльскі ірмалагіёны ХVI стагоддзя. Іх даследаванне стала падставай для пазнейшай кнігі “Царкоўная музыка на Беларусі”, іншых грунтоўных работ. Захапіўся дзейнасцю Скарыны, сказаў новае слова пра сімволіку на гравюрах да яго кніг Бібліі.

Памёр у Лондане 20 красавіка 2007 г. Гай Пікарада вельмі хацеў, каб ягоны прах быў пахаваны ў Беларусі, бо шмат гадоў ён займаўся гісторыяй беларускай музыкі, напісаў шмат артыкулаў на гэтую тэму, шмат гадоў удзельнічаў у журы фестываляў “Магутны Божа”, і ў ягоным тастамэнце была запісаная воля быць пахаваным у Беларусі. Прах Гая Пікарды быў пахаваны звонку Чырвонага касцёла 15 лістапада 2008 г.