24 ліпеня 1948 г. у в. Коменка Мінскай вобл. нарадзіўся Ян Матусевіч, беларускі рэлігійны і грамадс…

24 ліпеня 1948 г. у в. Коменка Мінскай вобл. нарадзіўся Ян Матусевіч, беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, святар, дэкан Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Паходзіў з пабожнай праваслаўнай сям’і з уніяцкімі каранямі.

Пасля 8 класаў школы працаваў вучнем слесара радыёапаратуры на Мінскім радыёзаводзе (цяпер — «Гарызонт»), адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. З 1964 па 1974 г. працаваў на самых розных пасадах: тэлеграфістам на Галоўпаштампце, старэйшым лабарантам у Акадэміі навук, інкасатарам у Дзяржбанку, быў на кіруючых пасадах у дамах культуры і клубах, працаваў намеснікам дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы ў школе. У 1969 г. скончыў драматычнае аддзяленне рэспубліканскіх курсаў Міністэрства культуры і затым паступіў на вучобу ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на рэжысёрскае аддзяленне факультэта культасветработы (закончыў у 1973).

У 1972 г. на параду свайго духоўніка кс. Яна Такарскага вырашае паступіць у праваслаўную духоўную семінарыю ў Смаленску. У 1974-1978 г. служыў як праваслаўны святар у в. Спас каля Смаленска, са студзеня 1978 г. у Мінску, а потым у в. Маркава каля Маладзечна.

У 1979 г. далучыўся да Каталіцкай Царквы. Дазвол на пераход у каталіцтва даў яму кард. Стэфан Вышынскі. На працягу наступных адзінаццаці гадоў быў пробашчам у Барунах (1979-1990), дзе некалі размяшчаўся адзін з важных асяродкаў Уніяцкай Царквы і захаваўся прыгожы барочны комплекс былога базылянскага манастыра з цудатворнай іконай Маці Божай Барунскай.

З 1988 г. адным з першых пачаў служыць Імшу па-беларуску, Баруны становяцца месцам паломніцтва інтэлігенцыі з усёй Беларусі. Маладыя людзі, якія не былі ахрышчаныя ў дзяцінстве, жадалі прыняць хрост менавіта ў а. Яна Матусевіча, і менавіта тады, з 1988 па 1990 г., у Барунах адбываюцца хросты ва ўсходнім абрадзе. 12 лістапада 1989 г. уніяцкая моладзь і інтэлігенцыя прысутнічаюць на свяце св. Язафата ў Барунах. Хоць Службу а. Ян адпраўляў у лацінскім абрадзе, можна лічыць гэтую падзею першай акцыяй уніятаў Мінска.

Ад 1990 г. а. Ян быў пробашчам першай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску. У 1993 г. украінскі біскуп Сафрон Дмытэрка прызначыў а. Яна Матусевіча дэканам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы да вырашэння справы Апостальскай Сталіцай. 16 траўня 1994 г. Кангрэгацыя Усходніх Цэркваў афіцыйна пацвердзіла яго як пробашча ў Мінску і дэкана БГКЦ.

У 1989 г. асвяціў першы мемарыяльны крыж у Курапатах, устаноўлены ў памяць ахвяр палітычных рэпрэсій. Быў сябрам Рады Таварыства Беларускай Мовы ад моманту заснавання, сябрам Рады і адным з сузаснавальнікаў Біблійнага Таварыства Рэспублікі Беларусь. Удзельнічаў у працы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Згуртавання беларускай шляхты, Беларускага таварыства інвалідаў і інш.

Заўчасна памёр 2 верасня 1998 г. пасля цяжкай хваробы, якая развілася ў выніку аўтамабільнай аварыі.