«Каталіцкая Царква» − вось такое імя святой і маці для ўсіх нас. Яна адначасова абранніца Госпада на…

«Каталіцкая Царква» − вось такое імя святой і маці для ўсіх нас. Яна адначасова абранніца Госпада нашага Ісуса Хрыста, Адзінароднага Сына Божага, бо напісана: «… Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе» (Эф 5, 25). Ёсць таксама вобразам і адлюстраваннем «Ерузалема, што ўгары, свабоднага, яна – нашая маці» (пар. Гал 4, 26). Дагэтуль бясплодная, цяпер маці шматлікага патомства.

Адкінуўшы першую абранніцу, у другой, гэта значыць у Каталіцкай Царкве, як кажа св. Павел, «адных Бог паставiў у Царкве найперш Апосталамi, другіх – прарокамi, трэцiх – настаўнікамі, потым даў моц, потым – дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы» (1 Кар 12, 28), а таксама ўсялякага роду дабрадзейнасці: мудрасць, розум, умеркаванасць, справядлівасць, міласэрнасць, дабрыню, а таксама нязломную сярод пераследу цярплівасць.

Менавіта гэтая Царква праз зброю справядлівасці, якую трымае ў правай і левай руццэ, сярод пашаны і ганьбы ў часы пераследу і цярпенняў увянчала святых мучанікаў каронай цярплівасці, учыненай з многіх і разнастайных кветак. Цяпер жа, у час спакою, дзякуючы ласкавасці Бога атрымлівае належную хвалу ад каралёў і ўладароў, ад людзей усіх станаў і ўсіх народаў. Каралі народаў, якія жывуць у розных краінах, маюць абмежаваную ўладу. Адной толькі святой, каталіцкай Царкве належыць улада, якая распасціраецца аж да межаў зямлі. Бо Бог, – як чытаем, – «усталёўвае спакой на яе межах» (пар. Пс 147, 14).

Мы ж, выхаваныя ў святой і каталіцкай Царкве, выхаваныя таксама запаведзямі, як і слаўнымі прыкладамі, атрымаем Нябеснае Валадарства і будзем спадкаемцамі вечнага жыцця. Таму, каб гэта атрымаць ад Госпада, мы вытрымліваем усялякія перашкоды. Мэта, да якой мы імкнемся, мае вялікую вагу, бо мы імкнёмся атрымаць вечнае жыццё. Таму вызнанне веры вучыць нас, што апрача «ўваскрашэння цела», пра што мы казалі дагэтуль, мы павінны верыць у «жыццё вечнае». Менавіта да яго імкнуцца хрысціяне з усіх сіл.

Сапраўдным і праўдзівым жыццём з’яўляецца Айцец. Ён спасылае ўсім, быццам з крыніцы, нябесныя дары праз Сына і Святога Духа. У сваёй дабрыні Ён сапраўды абяцаў нам шчасце вечнага жыцця.

Св. Кірыла Ерусалімскі