Царква называецца каталіцкай, гэта значыць паўсюднай, бо ахоплівае ўвесь свет – ад аднаго канца аж да другога. Так завецца, бо цалкам і без памылак абвяшчае праўду пра тое, што бачнае і нябачнае, нябеснае і зямное, бо ўсіх людзей, якімі кіруюць і якія кіруюць, вучоных і простых, вядзе да належнага праслаўлення Бога; бо лечыць усе віды грахоў душы і цела, а таксама мае ўсе віды дабрадзейнасцяў, якія выражаюцца як у словах, так і ў чынах, і ўрэшце ўсе віды духоўных дароў.
Сама назва «Царква», гэта значыць сход, вельмі адпаведная, бо яна «склікае» і збірае ў адно ўсіх людзей, як пра гэта кажа Бог у кнізе Левіта: «Збяры ўсю супольнасць пры ўваходзе ў шацёр спаткання» (Лев 8, 3). Варта адзначыць, што слова «збяры» першы раз было выкарыстана менавіта тады, калі Бог устанаўліваў Аарона найвышэйшым святаром. А ў кнізе Другазаконня Бог кажа Майсею: «Збяры Мне народ, няхай пачуе Мае словы, каб навучыўся Мяне баяцца» (пар. Дрг 4, 10). Кажа таксама пра Царкву, калі кажа пра табліцы: «На іх былі напісаныя ўсе словы, якія сказаў вам Бог на гары, сярод агню, у дзень Царквы» (пар. Дрг 10, 4), кажучы больш выразна: «у дзень, у якім вы былі пакліканыя Госпадам на сход». І псальміст таксама кліча: «Я буду праслаўляць Цябе на вялікім сходзе, буду ўзвялічваць Цябе сярод шматлікага народу» (Пс 35, 18).
Калісьці псальміст спяваў: «Слаўце Госпада Бога на вялікім сходзе, вы, хто з вытокаў Ізраіля» (Пс 68, 27). Збаўца склікаў другі сход, сярод язычнікаў, гэта значыць, святую, хрысціянскую Царкву, пра якую казаў Пятру: «На гэтай скале Я пабудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не перамогуць яе» (Мц 16, 18). Пасля адкідвання той, якая была ў Юдэі, Хрыстовыя Цэрквы пашырыліся па ўсім свеце. Чытаем пра іх у псальмах: «Спявайце Госпаду новую песню, хвала Яму на сходзе святых» (Пс 149, 1). А габрэям прарок сказаў наступнае: «Не маю ў вас упадабання, – кажа Госпад усемагутны», – і дадае: «Таму ад усходу сонца аж да яго захаду будзе праслаўлена Імя Маё сярод народаў». Менавіта пра гэтую святую і каталіцкую Царкву піша апостал Павел да Цімафея: «Пішу табе, як трэба паводзіць сябе ў доме Божым, які з’яўляецца Царквой жывога Бога, стаўпом і апірышчам праўды» (пар. 1 Цім 3, 14-15).
Св. Кірыла Ерусалімскі