Першыя згадкі пра Успенскі пост мы маем з IX ст. Як і Пятроўскі, і Піліпаўскі, гэты пост таксама ўвайшоў у практыку не па царкоўным заканадаўстве, а па звычаю. Сярод старажытных тыпіконаў першае ўпамінанне пра Успенскі пост мае тыпікон грэцкага Нікола-Касулянскага манастыра з XII ст. у Калабрыі, Італія.
У творы «Пра тры Чатырадзясятніцы», які прыпісваецца Антыяхійскаму патрыярху Анастасію Сінаіту (VI ст.), гаворыцца пра Успенскі пост, які быў аддзелены ад Пятроўкі, бо першапачаткова ён доўжыўся ад Нядзелі Усіх Святых да Успення, г. зн. ад Пятроўкі аддзялілі ліпень.
Успенскі пост у Візантыі ў XI-XII ст. пачаў усё больш уваходзіць у жыццё. Архібіскуп Кесарыі Палестынскай Анастасій, які жыў каля 1090 г., каб заахвоціць вернікаў да захавання гэтага посту, выдае пра яго асобнае паведамленне, напрыканцы якога прыходзіць да высновы, што гэты пост існаваў ужо да імператара Лявона Мудрага (886-911).
Успенскі пост разглядаў Канстантынопальскі сінод 1166 г. пры патрыярху Луцы Хрызавергу (1156-1169) і імператару Мануілу Комнену (1143-1180). Сабор пацвердзіў практыку гэтага посту.