У 1648 г. Багдан Хмяльніцкі ўзначаліў ваеннае выступленне казакоў супраць Польшчы. Першыя перамогі …

У 1648 г. Багдан Хмяльніцкі ўзначаліў ваеннае выступленне казакоў супраць Польшчы. Першыя перамогі казацкага войска далі пачатак усенароднаму паўстанню, якое ахапіла ўсё Падняпроўе, а пазней Валынь і Галічыну. Уніяцкім мітрапалітам у гэты час быў Антоній Сялява (1640-1655). Перамогі Хмяльніцкага прымусілі караля Яна Казіміра Вазу (1648 – 1668) падпісаць 18 жніўня 1649 г. Збораўскі трактат (цяпер Збораў – раённы цэнтр у Цярнопальскай вобласці, Украіна).

Дакумент меў форму аднабаковага каралеўскага маніфеста, “акта каралеўскай ласкі, дараваны яго падданым па просьбе і хадайніцтву крымскага хана”, і афіцыйна называўся “Дэкларацыя ласкі караля, яго міл. дадзена на пункты прашэння войска Запарожскага”. Згодна з яго ўмовамі, Праваслаўнай Царкве павінны былі надацца пэўныя грамадзянскія правы, што, разам з ліквідацыяй Уніяцкай Царквы, перадавалася на вырашэнне Сойму.

Тут варта згадаць таксама тыя умовы, якія на перамовах вылучыла казацкае пасольства, але якія не былі адлюстраваны ў выніковым дакуменце. Так, казакі патрабавалі ліквідацыі Уніі на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай, забароны ўніятам займаць пасады ва ўсходняй Царкве, перадачы праваслаўным храмаў і царкоўнай маёмасці, якія належалі ўніятам, а таксама месца ў Сенаце для Кіеўскага мітрапаліта і двух біскупаў. Для караля былі непрымальныя патрабаванні казакоў, у тым ліку і адносна Уніі. Таму ён не згаджаецца ўключыць іх у сваю дэкларацыю, перадаючы справу вырашэння будучаму Сойму ў Варшаве.