Святы веснік нараджэння, прапаведавання і смерці Госпада праявіў мужнасць, годную сузірання з вышыня…

Святы веснік нараджэння, прапаведавання і смерці Госпада праявіў мужнасць, годную сузірання з вышыняў, і як кажа Пісанне, «хоць у вачах людзей яны здаваліся пакаранымі, іх надзея поўная несмяротнасці» (Мдр 3, 4). Таму справядліва, што мы з радасцю адзначаем дзень нараджэння для неба таго, хто сваёй смерцю ўвекавечыў яго для нас, упрыгожваючы пурпурам сваёй крыві; справядліва, што мы з радасцю адзначаем духоўны ўспамін таго, хто мучаніцкай смерцю пацвердзіў сведчанне, дадзенае Хрысту.

Несумненна, св. Ян быў зняволены і забіты за сведчанне, дадзенае нашаму Адкупіцелю, якога прадказваў. Дзеля Яго прыняў смерць. Памёр за Хрыста, хоць пераследнік не загадваў выракацца Хрыста, а толькі маўчаць аб праўдзе.

Калі Ян праліў кроў за праўду, праліў яе за Хрыста, бо Хрыстос сказаў: «Я – праўда» (Ян 14, 6). Як сваім нараджэннем, прапаведаваннем і хрышчэннем Ян сведчыў, што Хрыстос павінен нарадзіцца, навучаць, хрысціць, так і прыняўшы смерць першым, ён паказаў, што Хрыстос таксама будзе цярпець.

Ян, такі незвычайны і вялікі чалавек, закончыў зямное жыццё, праліваючы кроў пасля доўгай пакуты зняволення. Ён, які абвяшчаў добрую навіну пра свабоду ў вечным спакоі, быў кінуты бязбожнымі ў вязніцу; ён, які прыйшоў засведчыць пра Святло і заслужыў на тое, каб Хрыстос, вечнае Святло, назваў яго паходняй, што свеціць і палае, ён менавіта быў замкнёны ў турэмнай цемры. Уласнай крывёю быў ахрышчаны той, каму дадзена было хрысціць Збаўцу свету, які чуў голас Айца, што гучаў над Ім, які бачыў сыходзячую на Яго ласку Духа Святога. Такім людзям, як Ян, няцяжка было зносіць часовыя пакуты дзеля абароны праўды. Гэта было нават лёгкім і жаданым, бо яны бачылі, што за гэта чакае іх вечная радасць.

Смерць, непазбежную па сваёй сутнасці, яны прымалі ахвотна, бо паміралі за вызнанне імя Хрыста, а разам з ёй і ўзнагароду вечнага жыцця. Таму слушна кажа Апостал: «Вам дадзена дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго» (Флп 1, 29). Ён лічыць ласкаю, дадзенай Хрыстом, што выбраныя могуць цярпець за Яго, бо кажа таксама: «Цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас» (Рым 8, 18).

Св. Беда Вялебны