Зразумейце, што вам трэба піць. Прарок Ерамія кажа вам, сама крыніца кажа: «”Яны пакінулі Мяне, крыніцу жывой вады”, – кажа Госпад» (Ер 2, 13). А значыць сам Госпад, наш Бог, Ісус Хрыстос, з’яўляецца крыніцай жыцця. Таму запрашае нас да сябе, да крыніцы, каб мы пілі з яе. П’е той, хто любіць; п’е той, хто насычаецца Божым словам; хто моцна любіць, моцна прагне; п’е той, хто горача прагне мудрасці.
Паглядзіце, адкуль б’е гэтая крыніца. Адтуль, адкуль зышоў таксама і хлеб. Бо хлеб і крыніца – гэта адзін і той жа Адзінародны Сын, наш Бог, Хрыстос Госпад, Якога мы заўсёды павінны прагнуць. Хоць мы спажываем Яго, любячы, хоць прагнем, прагнучы, надалей пастаянна прагнем. Будзем піць з Яго заўсёды як з крыніцы з найбольшай любоўю; будзем піць заўсёды з гарачым жаданнем і будзем смакаваць слодыч Яго дабрыні.
Госпад салодкі і добры; хоць мы п’ем Яго і спажываем, аднак, усё роўна адчуваем голад і смагу; гэтая ежа і гэты напой ніколі не заканчваюцца. Хоць спажываем Яго, але не зможам спажыць Яго цалкам, хоць п’ём, але не зможам выпіць да дна. Таму прарок кажа: «Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў» (Іс 55, 1). Ён – крыніца для тых, хто прагне, а не тых, хто насычаны. Таму Ён кліча да сябе сасмаглых; тых, каго калісьці назваў блаславёнымі. Яны ніколі не перастануць чэрпаць, але чым больш будуць чэрпаць, тым больш будуць адчуваць смагу.
Таму, браты, неабходна, каб мы заўсёды прагнулі, шукалі і любілі «Крыніцу мудрасці, Слова Бога на вышынях», у якім, паводле словаў Апостала, «схаваны ўсе скарбы мудрасці і пазнання» (Клс 2, 3). Гэта яно кліча сасмаглых піць.
Калі прагнеш, пі з крыніцы жыцця; калі галодны, еш хлеб жыцця. Блаславёныя, хто прагне гэтага хлеба і гэтай крыніцы. Няспынна спажываючы і п’ючы, заўсёды будуць прагнуць. Добрая рэч – заўсёды спажываць і піць, і адначасова прагнуць. Таму кароль і прарок кажуць: «Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Госпад» (Пс 34, 9).
Св. Калумбан