Характарызуючы ход VI канферэнцыі, карэспандэнт часопіса «Przegląd Wileński» адзначаў, што гэтым разам яна атрымала мала грамадскага рэзанансу, «прайшла бледна, прыняла бясколерныя рэзалюцыі…».
Аўтар выказаў здагадку, што не выпадковай стала адмена раней запланаванага прыезду на канферэнцыю Апостальскага нунцыя ў Польшчы монсеньёра Картэсі, які, відавочна, не хацеў з самага пачатку свайго знаходжання ў краіне псаваць адносіны з уладаю, якая не хавала непрыхільнага стаўлення да Пінскіх канферэнцый, асабліва на фоне праграмы суцэльнай паланізацыі «крэсаў».
На канферэнцыі ўніяцкія дзеячы ўпершыню змаглі азнаёміцца са зместам Папскай інструкцыі, якая дагэтуль нідзе не была апублікавана. Яе ўдзельнікі адзначалі, наколькі ашаламляльны быў кантраст паміж прапісанымі там прынцыпамі і рэальным становішчам рэчаў.
Нягледзячы на захады Апостальскай Сталіцы і самаахвярную працу місіянераў, уніяцкая акцыя нязменна сустракала ў Польшчы значную варожасць і перашкоды і істотна затухла. Гэта падштурхнула Святога Айца 27 мая 1937 г. выдаць інструкцыю аб пастырскай працы з католікамі ўсходняга абраду на ўкраінска-беларускіх землях Польскай дзяржавы.
У інструкцыі Папа нагадаў, што Каталіцкая Царква аднолькава трактуе ўсходні і лацінскі абрад, і святары не маюць права ставіцца да гэтага легкадумна або пераконваць праваслаўных прыняць выключна лацінскі абрад, замест гэтага яны павінны праяўляць высокую пашану і любоў да ўсходняга абраду. Яны таксама павінны прывіваць вернікам больш глыбокае разуменне ідэі адзінства Царквы праз добра падрыхтаваныя пропаведзі і артыкулы ў каталіцкіх часопісах.
Рэкамендавалася таксама як мага хутчэй стварыць духоўныя і свецкія таварыствы, якія б мелі на мэце вывучэнне справы еднасці Цэркваў і яе абарону. Вельмі пажаданым было правядзенне канферэнцый, уніяцкіх з’ездаў, наладжванне ўзаемадапамогі і ўдзелу ў царкоўных урачыстасцях каталіцкіх супольнасцяў абодвух абрадаў.
Папа асабліва падкрэсліў важнасць захавання нацыянальнага чынніку ў ажыццяўленні ўніяцкай акцыі ў Польскай дзяржаве. Так, ён абавязваў святароў пры выкладанні рэлігіі ў школах карыстацца мовай мясцовага насельніцтва, карыстацца адпаведнымі падручнікамі і іншымі дыдактычнымі матэрыяламі. Гэта ж правіла датычылася і прапаведавання ў царкве.
Дзеля большай папулярызацыі уніі было вырашана правесці наступную канферэнцыю праз 4 гады. Аднак рэалізацыя планаў перашкодзіла Другая сусветная вайна.