Літургічны год — гэта літургічны парадак Усяленскай або мясцовай Царквы, які складаецца з нядзеляў, дзён тыдня, святаў Гасподніх, Багародзічных, святых угоднікаў Божых, а таксама перыядаў посту і вызначаных часоў. Царкоўны год нашай усходняй Царквы не пачынаецца тады, калі свецкі год, гэта значыць 1 студзеня. Яго пачатак, які яшчэ называюць пачаткам індыкта, – 1 верасня. Гэта значыць, што поўнае кола нашага царкоўна-літургічнага года доўжыцца з 1 верасня па 31 жніўня.
Слова «індыкт» літаральна азначае абвяшчэнне або падатак. Гэта быў эдыкт рымскіх імператараў, які з мэтай збору падаткаў утрымліваў загад праз пэўны час праводзіць ацэнку зямельных уладанняў грамадзян дзяржавы. Такія эдыкты пачалі з’яўляцца пры імператары Дыяклетыяне з 297 г. спачатку кожныя 5, а потым кожныя 15 гадоў. З часам слова «індыкт» стала пазначаць перыяд 15-гадовага цыкла, а таксама яго першы дзень. Першапачаткова індыкт выкарыстоўваўся толькі для збору падаткаў, але з часам стаў адпраўным пунктам для азначэння розных дат з грамадскага жыцця.
Айцы І Сусветнага Сабора ў Нікеі ў 325 г. прынялі дату 1 верасня як пачатак новага царкоўнага года. Гэта захавалася ва Усходняй Царкве да сённяшняга дня. Лацінскі Касцёл распачынае літургічны год у першую нядзелю Адвэнту, гэта значыць Каляднага посту.
Калі 1 верасня стала пачаткам царкоўнага года, адначасова яно стала і царкоўным святам, гэта значыць днём з асобнай службай. У гэты дзень наша Царква згадвае падзею з жыцця Ісуса Хрыста, калі ён прыйшоў у сінагогу ў Назарэце і прачытаў словы прарока Ісаі: «Дух Гасподні на Мне, бо Ён памазаў Мяне. … каб абвясціць год міласці Гасподняй» (Лк. 4, 18-19). Дакладных сведчанняў, калі пачатак індыкта стаў царкоўным святам, няма, але яно існавала ўжо ў VIII ст.