Усячыстая Дзева Марыя, якая ў справе адкуплення займае першае месца пасля Хрыста, і ў літургічным годзе стаіць бліжэй за ўсё да Хрыста. Аб гэтым сведчаць розныя багародзічныя святы. У Канстытуцыі аб святой Літургіі сказана: “У гэтым гадавым цыкле таямніц Хрыста святая Царква з асаблівай любоўю ўшаноўвае Блаславёную Марыю — Маці Божую, якая непарыўна звязана са збаўчай справай свайго Сына. У Ёй Царква захапляецца цудоўным плёнам Адкуплення, праслаўляе яго і як бы ў найчысцейшым вобразе з радасцю сузірае тое, чым уся імкнецца і спадзяецца стаць”.
А вакол асобы Хрыста Госпада і Яго Найсвятой Маці мы бачым велічны хор праслаўленай Царквы ў нябёсах, гэта значыць усіх святых Старога і Новага Запавету. “Акрамя таго, Царква на працягу года ўспамінае мучанікаў і іншых святых, якія дзякуючы разнастайнай Божай ласцы дасягнулі дасканаласці і, атрымаўшы вечнае збаўленне, спяваюць Богу ў небе дасканалую хвалу і заступаюцца за нас”.
Святая Царква, як добрая маці, на працягу літургічнага года памятае таксама пра сваіх дзяцей, якія адышлі ў вечнасць і па волі Божай знаходзяцца на пакаянні ў чыстцы. Таму яна прызначыла асобныя дні, якія мы называем задушнымі, для малітваў і службаў за памерлых. Нарэшце, Царква прысвячае асаблівыя перыяды ў царкоўным годзе для сваіх духоўных подзвігаў, малітваў, посту і пакаяння.
Таму наш царкоўна-літургічны год — гэта магутны гімн пашаны і хвалы Богу, у якім удзельнічае трыадзіная Царква: праслаўленая ў небе, якая змагаецца на зямлі і церпіць у чыстцы. У ім найлепш выяўляецца наша святая вера. Літургічны год падобны да рознакаляровай вясёлкі, якая яднае зямлю з небам, асвятляе, ачышчае, асвячае і ўзносіць нас да Бога.