22-24 верасня 2023 г. у Супраслі адбываецца міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная Супрасль…

22-24 верасня 2023 г. у Супраслі адбываецца міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная Супрасльскаму кодэксу – найстаражытнейшаму і самаму аб’ёмнаму помніку, напісанаму кірыліцай, і яго першаадкрывальніку а. Міхалу Баброўскаму. Канферэнцыя пад назвай «Супрасльскі кодэкс: 1000-500-200» была запланавана на 1000-годдзе яго стварэння, 500-годдзе прыбыцця Кодэкса ў Супрасль і 200-годдзе адшукання Кодэкса ў Супрасльскім манастыры і ўвядзення яго ў навуковы абарот.

Урачыстае адкрыццё канферэнцыі адбылося 22 верасня ў Вялікай залі Палаца Браніцкіх у Беластоку, а адкрытыя навуковыя пасяджэнні адбудуцца 23-24 верасня ў залі Супрасльскай акадэміі ў Супраслі, сімвалічным месцы, дзе рукапіс захоўваўся 300 гадоў.

Гэта чарговае мерапрыемства, арганізаванае ў рамках святкавання Года Супрасльскага кодэкса, устаноўленага пастановай Сойму Падляшскага ваяводства.

Супрасльскі кодэкс — гэта зборнік жыццяў святых і твораў айцоў Царквы, створаны ў пачатку XI ст. ва ўсходняй Балгарыі, прызначаны для чытання ў сакавіку. Рукапіс, напісаны кірыліцай, з’явіўся ў выніку дзейнасці бліжэйшых вучняў св. Кірылы і Мятода і быў прывезены ў Супрасль каля 500 гадоў таму. Яго адкрыў для навукі ў манастырскай бібліятэцы ў 1823 г. прафесар Віленскага ўніверсітэта а. Міхал Баброўскі.

У ходзе навуковых даследаванняў рукапіс аб’ёмам 285 аркушаў быў падзелены на тры часткі, якія цяпер захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу і ў Славенскай нацыянальнай і ўніверсітэцкай бібліятэцы ў Любляне. Кодэкс з’яўляецца адным з найкаштоўнейшых помнікаў стараславянскай мовы і найвялікшым здабыткам хрысціянскай славянскай і сусветнай культуры. Яго выключнае значэнне вызначаецца тым, што ён дакументальна фіксуе працэс фармавання ўсходнеславянскага культурнага кола.

З 2007 г. Супрасльскі кодэкс знаходзіцца ў прэстыжным спісе ЮНЕСКА «Памяць свету».