Таму нічога дзіўнага, што пыха нараджае падзел, а любоў з’яўляецца маці еднасці. Таму гэтая маці, Каталіцкая Царква, разам са сваім Пастырам усюды шукае заблукалых, умацоўвае слабых, лечыць хворых, перавязвае раны скалечаным, клапоціцца пра тых і другіх. Яны не знаёмыя паміж сабою, але Царква ведае ўсіх, бо яна з усімі.
Таму Царква нібы тая вінаградная лаза, якая ўсюды разрастаецца і прыносіць плод. Яны – нібы бескарыслівыя галіны, якія з прычыны сваёй бясплоднасці справядліва былі абрэзаныя вінаградарам, каб вінаградная лаза была не знішчана, але ачышчана. Галінкі засталіся там, дзе іх абрэзалі. Вінаграднік жа, разрастаючыся ва ўсе бакі, ведае свае галіны: тых, каторыя застаюцца ў ім, і тых, якія знаходзяцца па-за ім, якія былі абрэзаныя.
Тым не менш, ён кліча блукаючых, таму што пра адрэзаныя галіны Апостал кажа: «Бо мае Бог моц ізноў прышчапіць іх!» (Рым 11, 23). Ці то мова пра заблукалых авечак, ці пра адрэзаныя галіны, але Бог, як найвышэйшы Пастыр і сапраўдны Вінаградар, можа прывесці авечак назад і зноў прышчапіць галіны. «Па ўсёй зямлі рассеяліся авечкі Мае. Ніхто іх не пільнаваў, і ніхто не шукаў іх» (Езк 34, 6). Сярод дрэнных пастыраў не было нікога, хто б іх шукаў.
«Таму, пастыры, слухайце слова Госпада: Я жывы, – кажа Госпад Бог» (Езк 34, 7). Заўважце, якімі словамі распачынаецца выказванне. Гэта нібы прысяга, якая заклікае жыццё ў сведкі. «Я жывы, – кажа Госпад Бог». Пастыры памерлі, але авечкі маюць бяспечнае жыццё, бо Госпад жыве. «Я жывы, – кажа Госпад Бог». Якія пастыры памерлі? Тыя, якія шукаюць сваёй карысці, а не Ісуса Хрыста. Ці з’явяцца, ці знойдуцца тыя, якія не будуць шукаць сваёй карысці, але Ісуса Хрыста? Напэўна будуць, напэўна знойдуцца. Не будзе іх неставаць ні цяпер, ні ў будучыні.
Св. Аўгустын