Вацлаў – унук Баржывоя, першага хрысціянскага князя Чэхіі. Падчас праўлення ён заснаваў шмат новых храмаў, пабудаваў царкву святога Віта ў Празе. Ён асабіста працаваў на будаўніцтве гэтай царквы, дапамагаючы закладваць падмурак. Хрысціянская Царква ў Чэхіі не проста аднавілася. Яна стала мацнейшай. Князь цалкам адкінуў старыя язычніцкія традыцыі. Замест гэтага ён спрабаваў падтрымліваць добрыя адносіны як з германа-рымскім Захадам, так і з візантыйскім Усходам.
Жыццяпісы апісваюць Вацлава як узорнага хрысціянскага правіцеля. Ён праводзіў міралюбівую палітыку. За ўсё сваё праўленне ён ваяваў толькі аднойчы – з невядомым куржымскім князем.
Святы Вацлаў быў забіты малодшым братам Баляславам каля храма св. Космы і Дам’яна 28 верасня ў 929 ці 935 г. Цела князя было пахавана ў Старым Баляславе. Але праз тры гады князь Баляслаў, раскаяўшыся, загадаў перанесці цела брата ў Прагу. Астанкі святога былі пахаваны ў пабудаваным ім храме св. Віта.
З канца 10 ст. чэхі сталі называць Чэхію «зямлёй святога Вацлава», а сябе — «супольнасцю св. Вацлава». Ён стаў не проста святым, а заступнікам дзяржавы, сімвалам суверэна.
На Русі культ св. Вацлава распаўсюдзіўся ў першай палове XI ст. у часы праўлення Яраслава Мудрага. З таго ж часу захавалася служба святому Вацлаву. Так мы атрымалі імя Вячаслаў, якое паходзіць ад старажытначэшскай формы Vęčeslavъ.
Культ св. Вацлава стаў узорам для рускіх царкоўных іерархаў, на які арыентаваліся пры развіцці культу св. Барыса і Глеба. Магчыма, і самі Барыс і Глеб натхняліся прыкладам св. Вацлава.