#чачэрск #sacral_museumНаведваючы рэгіянальны гістарычны\краязнаўчы музей чакаеш пэўны стандартны на…

#чачэрск #sacral_museum
Наведваючы рэгіянальны гістарычны\краязнаўчы музей чакаеш пэўны стандартны набор экспанатаў: чарапкі ды косткі неаліту, прылады сялянскай гаспадаркі, гільзы ды газеты ваеннага часу.
Чачэрскі музей нечакана і даволі прыемна здзівіў. Тут сабрана калекцыя абразоў, напісаных братамі Гераковымі з вёскі Бабічы, што на Чачэршчыне. Гэта прыклад так званых хатніх абразоў, што атрымалі распаўсюд у ХІХ стагоддзі, асабліва ў другой палове. Як можна зразумець з назвы, іконы ў той перыяд пачалі вырабляць для шырокага кола ўжывання народам, а не толькі для цэркваў ды кляштароў.
Культуролагі нават вылучаюць асобную бабічскую народную школу іканапісу, якая сфармавалася ў канцы XVIII ст. Уладзімір і Гаўрыіл Гераковы, чые працы мы сёння разглядаем, працавалі ў канцы ХІХ ст. і да 1920-х.
Тут, канешне, цяжка не прыгадаць веткаўскую традыцыю стараабрадніцкіх абразоў. Тым больш, што гэта прыкладна адзін рэгіён на Гомельшчыне.