Сапраўднай ахвярай з’яўляецца кожны чын, які вядзе да з’яднання ў святой супольнасці з Богам, а знач…

Сапраўднай ахвярай з’яўляецца кожны чын, які вядзе да з’яднання ў святой супольнасці з Богам, а значыць, скіраваны да дабра, якое дае нам сапраўднае шчасце. Таму нават міласэрнасць да чалавека не будзе ахвярай, калі здзяйсняецца без увагі на Бога. Ахвяра, хоць здзяйсняецца і прыносіцца чалавекам, з’яўляецца Божай справай. Таму старажытныя лаціняне называлі яе sacrificium – святое дзеянне. Кожны чалавек, прысвечаны і аддадзены Богу, калі памірае для свету, каб жыць для Бога, з’яўляецца ахвярай. Гэта і ёсць міласэрнасць, якую кожны павінен сведчыць самому сабе. Бо напісана: «Будзь міласэрны да сваёй душы, дагаджаючы Богу» (пар. Сір 30, 24).

Паколькі сапраўднымі ахвярамі з’яўляюцца ўчынкі міласэрнасці, здзейсненыя адносна сябе ці бліжняга дзеля Бога, і паколькі мэтаю такіх учынкаў з’яўляецца нашае вызваленне ад няшчасця і дасягненне шчасця, а гэта адбываецца дзякуючы таму дабру, пра якое сказана: «Мне добра быць блізка да Бога» (Пс 73, 28), то з гэтага выразна вынікае, што ўвесь гэты адкуплены горад, г. зн. уся супольнасць і сход святых, ахвяруецца Богу як паўсюдная ахвяра праз пасрэдніцтва Найвышэйшага Святара, Які праз Сваю муку ахвяраваў Сябе Самога, стаўшы слугою, каб мы маглі стаць целам такой дасканалай Галавы. Гэтую постаць слугі Ён прынёс у ахвяру, у ёй быў ахвяраваны, паводле яе з’яўляецца Пасрэднікам, у ёй – Святаром, у ёй – Ахвярай.

Паколькі Апостал пажадаў, каб мы аддалі сваё цела «на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу як выраз нашага разумнага служэння» (пар. Рым 12, 1), каб мы не прыпадабняліся да свету, але перамяняліся праз аднаўленне розуму для пазнання, якая ёсць Божая воля, што добрае, што прыемнае Богу і што дасканалае, бо мы самі ствараем адну вялікую ахвяру, ён кажа: «Дзякуючы дадзенай мне ласцы, я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас, каб не думалі пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвалі сябе цвяроза, паводле веры, удзеленай кожнаму Богам. Бо як у адным целе маем шмат членаў, і не ўсе яны выконваюць тыя самыя функцыі, так і мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго – члены. Паводле дадзенай ласкі мы маем розныя дары» (Рым 12, 3-6).

Гэта ахвяра хрысціянаў: «Адно цела – мы многія ў Хрысце» (пар. 1 Кар 10, 17). Менавіта гэтую ахвяру Царква паўтарае ў добра вядомым вернікам Таінстве Алтара, якое вучыць яе, што ў тым, што ахвяруе, яна ахвяруецца сама.

Св. Аўгустын