26 кастрычніка 1693 г. у Супраслі памёр Кіпрыян Жахоўскі, уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўся…

26 кастрычніка 1693 г. у Супраслі памёр Кіпрыян Жахоўскі, уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі (1635—1693).

Быў выдатным прапаведнікам, не толькі аказваў уплыў на народныя масы, але і пераконваў адукаваных людзей. К. Жахоўскага любіў слухаць кароль Ян Сабескі. На выбарчым сойме ў Варшаве ледзь не загінуў ад рукі шляхціца, які напаў на яго і хацеў забіць. Шляхціца адразу раззброілі, а замах аказаў моцны ўплыў на настроі сойма і павярнуў яго сімпатыі ў бок уніі.

Пасля 1670 г. мітрапаліт Г. Календа пасвяціў К. Жахоўскага на віцебскага і мсціслаўскага біскупа. У 1673 г. Рым зацвердзіў мітрапалітаву намінацыю. У 1674 г. К. Жахоўскі стаў полацкім архібіскупам, а пасля смерці Г. Календы ў 1674 г. К. Жахоўскі заняў мітрапалічы сталец.

Дамогся ў караля Яна Сабескага пацверджэння ўсіх правоў і прывілеяў Уніяцкай Царквы. Кіраванне К. Жахоўскім Кіеўскай мітраполіяй, было для яе спрыяльным: не было канфліктаў з праваслаўнымі; падзеленыя на розныя партыі, якія сварацца паміж сабою, казакі перасталі быць пагрозаю для Уніяцкай Царквы. Пасля Андрусаўскага перамір’я 1667 г. больш добразычлівыя да Уніяцкай Царквы сталі каралі Рэчы Паспалітай, здаволеныя тым, што Уніяцкая Царква, у адрозненне ад Праваслаўнай, не мае ніякіх, нават рэлігійна-царкоўных сувязяў з Масквой і Канстанцінопалем.

Падпарадкаванне праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі ў 1685 г. Маскоўскаму патрыярхату і энергічная дзейнасць К. Жахоўскага па пашырэнню уніі схілілі да пераходу ў унію Перамышльскую, Львоўскую і Луцкую епархіі.

К. Жахоўскі клапаціўся пра павышэнне ўзроўню адукаванасці духавенства і развіццё сеткі ўніяцкіх школ. Пры К. Жахоўскім пашыраўся культ Язафата Кунцэвіча, дзень памяці якога быў перанесены з 12 лістапада на 16 верасня. Абараняў Уніяцкую Царкву ад перацягвання яе вернікаў, моладзі, чым ужо здаўна займалася рыма-каталіцкае духавенства.

Ён заснаваў у Супраслі друкарню, якая выпускала служэбнікі і іншыя літургічныя кнігі, выкарыстанне якіх павінна было прывесці да аднастайнасці літургічнай практыкі Уніяцкай Царквы. К. Жахоўскі вывеў Уніяцкую Царкву з разладу, у якім яна апынулася ў сувязі з ваеннымі падзеямі 1648—1667 г.