13 лістапада – сьвята сьв. Яна Залатавуснага, архібіскупа Канстанцінопальскага Трапар (тон 8). Ласк…

13 лістапада – сьвята сьв. Яна Залатавуснага, архібіскупа Канстанцінопальскага

Трапар (тон 8). Ласка, што з вуснаў тваіх зазьзяла, быццам полымя, сусьвет асьвяціла, бескарысьлівасьці скарбы сьвету прыдбала, вышыню пакорлівасьці нам паказала. Ойча Яне Залатавусны, настаўніку наш, малі Слова Хрыста Бога збавіць душы нашыя.

Кандак (тон 6). Ты прыняў з неба Божую ласку вуснамі тваімі навучаць усіх пакланяцца ў Тройцы адзінаму Богу, сьвяты і блаславёны Яне Залатавусны. Дастойна хвалім цябе, бо ты наш настаўнік і Боскіх праўдаў вяшчальнік.

Нарадзіўся каля 344-347 г. у Антыёхіі Сірыйскай у заможнай сям’і. Ягоны бацька Сэкунд быў высокім вайсковым начальнікам, а маці Антуса (паводле некаторых крыніц – хрысьціянка) вызначалася цнатлівым жыцьцём. Бацька памёр хутка пасьля яго нараджэньня і яго выхоўвала маці, з якой у яго былі блізкія і даверлівыя стасункі.

Яшчэ юнаком рана зьвярнуўся да паглыбленага вывучэньня Сьвятога Пісаньня. Пазьней, будучы ўмацаваным у веры, вучыўся ў найлепшай школе філосафаў і рытараў пад кіраўніцтвам язычніцкага настаўніка Лібана, які лічыў яго найлепшым аратарам сярод сваіх вучняў. Стаў юрыстам.

Прыняўшы хрост у 369 г., ён вёў пустэльніцкае жыцьцё паблізу Антыёхіі. У 381 г. архібіскуп Антыяхійскі Мялеці высьвяціў яго на дыякана, а ў 386 г. архібіскуп Флавіян – на сьвятара. За свае выдатныя казаньні і тлумачэньні Сьвятога Пісьма атрымаў імя Залатавусны (або Хрызастом па-грэцку).

Стаўшы ў 398 г. архібіскупам Канстанцінопальскім, прыдбаў сабе шмат ворагаў за сваю прастату і бескампраміснасьць. Часта ў сваіх казаньнях асуджаў пакланеньне імператарскай уладзе, за што быў несправядліва сасланы ў Кукузу ў Арменію.

Памёр 14 верасьня 407 г. у Команах Пантыйскіх, кажучы: “Слава Богу за ўсё”. Ягоныя мошчы знаходзіліся ў базыліцы сьв. Пятра ў Ватыкане, а 26 лістапада 2004 г. Папа Ян Павел ІІ перадаў іх у Канстанцінопаль.

Ян Залатавусны напісаў шэраг твораў пра сьвятарства, манаства і дзявоцтва, тлумачэньні на розныя кнігі Сьвятога Пісаньня, шмат разважаньняў на асобныя біблійныя тэксты, павучаньні на сьвяты і пахвалы сьвятым і мучанікам, а таксама шэраг апалагетычных твораў. Яго творы – скарбніца Боскай мудрасьці і хрысьціянскай маралі. Ён зьяўляецца таксама ўкладальнікам тэкстаў Боскай Літургіі, якая сёньня зьяўляецца асновай для набажэнстваў Усходняй Царквы, аўтарам асобных малітваў.

Сьвяты Ян Залатавусны – адзін з самых вялікіх хрысьціянскіх прапаведнікаў і багасловаў, шануецца як адзін з трох сусьветных сьвяціцеляў і настаўнікаў разам з Васілём Вялікім і Рыгорам Багасловам, прычым як на хрысьціянскім Ўсходзе, так і на Захадзе.