Сярод праўдаў веры, змешчаных у Сімвале, у канцы згадваецца мэта ўсіх нашых жаданняў, гэта значыць в…

Сярод праўдаў веры, змешчаных у Сімвале, у канцы згадваецца мэта ўсіх нашых жаданняў, гэта значыць вечнае жыццё: «Веру ў жыццё вечнае. Амін»

У вечным жыцці адбываецца перадусім з’яднанне чалавека з Богам. Бо толькі Бог ёсць узнагародай і заканчэннем усіх нашых намаганняў: «Я твой шчыт; узнагарода твая будзе вельмі вялікая» (Быц 15, 1). Гэтае з’яднанне заключаецца ў дасканалым бачанні: «Цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады – тварам у твар» (1 Кар 13, 12).

Вечнае жыццё палягае таксама на дасканалым веданні Бога, паводле словаў прарока: «І будзе ў ім радасць і весялосць, хвалебная песня і гучанне музыкі» (Іс 51, 3).

Жыццё вечнае заключаецца яшчэ ў дасканалым заспакаенні жаданняў. Кожны збаўлены атрымае там больш, чым спадзяваўся і жадаў. Ніякае стварэнне не можа задаволіць жаданняў чалавека. Толькі Бог можа насыціць і бясконца іх пераўзысці. Таму чалавек можа адпачыць толькі ў Богу, згодна са словамі св. Аўгустына: «Ты стварыў мяне, Госпадзе, для Сябе, і неспакойнае маё сэрца, пакуль не спачне ў Табе».

Паколькі святыя ў сваёй айчыне дасканалым чынам будуць мець Бога, то адсюль выразна вынікае, што споўняцца ўсе іхнія жаданні, а хвала пераўзыдзе нават тое, чаго яны чакаюць. Таму Госпад кажа: «Увайдзі ў радасць гаспадара твайго» (Мц 25, 21). Аўгустын тлумачыць: «Не ўся радасць увойдзе ў тых, хто радуецца, але ўсе, хто радуецца, увойдуць у радасць». У псальме сказана: «Калі аб’явіцца Твая хвала, я буду насычаны», і яшчэ: «Госпад напоўніць шчасцем твае жаданні».

Бо ўсё, што прыносіць радасць, знаходзіцца там у поўні. Калі ёсць прагненне шчасця, то там знаходзіцца найвышэйшае і дасканалае шчасце, бо паходзіць яно ад Бога, Які з’яўляецца найвышэйшым Дабром: «Вечнае шчасце праваруч Цябе» (Пс 16, 11).

Жыццё вечнае заключаецца таксама ў радаснай супольнасці святых. Гэта будзе супольнасць, якая дае непараўнальнае шчасце, бо кожны будзе мець усе тыя даброты, якія з’яўляюцца лёсам усіх іншых святых. Кожны будзе радавацца шчасцю іншага як свайму ўласнаму, бо кожны будзе любіць іншага як самога сябе. Такім чынам радасць кожнага стане такой вялікай, наколькі вялікай будзе радасць усіх.

Св. Тамаш Аквінскі