“Нябёсы абвяшчаюць хвалу Бога, і пра справу рук Яго паведамляе цвярдыня.” (Пс. 19, 2)
Адпраўляючыся ў дарогу, мудрацы з Усходу кіраваліся з’яўленнем на небе цудоўнай зоркі. Як астраномы яны прывыклі назіраць за нябеснымі свяціламі, таму гэтая незвычайная з’ява абудзіла ў іх сэрцах схаванае жаданне сустрэцца з Творцам.
Святы Васіль Вялікі называе прыроду адкрытай кнігай, якая вучыць людзей аб Творцы. Падобным чынам псалміст кажа: “Нябёсы абвяшчаюць хвалу Бога, і пра справу рук Яго паведамляе цвярдыня.” (Пс. 19, 2) Уменне сузіраць прыгажосць прыроды і веліч стварэння можа дапамагчы чалавеку адкрыць для сябе сляды Творцы і Яго мудрасць і дасканаласць, бо “нябачнае Божае і спрадвечная Яго магутнасць і Боскасць выяўляюцца розуму праз тое, што створана” (Рым. 1, 20).
Святы Айцец Францішак, разважаючы над сюжэтам з мудрацамі, якія ідуць за зоркай, пытаецца: чаму толькі яны ўбачылі зорку? — і адказвае: «Можа, таму, што мала хто тады падымаў вочы да неба… Часта ў жыцці людзі задавольваюцца тым, што звяртаюць свой позірк да зямлі: дастаткова мець здароўе, трохі грошай і яшчэ крыху — забаў. Замест гэтага, каб жыць па-сапраўднаму, патрэбна кіравацца вышэйшай мэтай, і таму трэба мець позірк, звернуты ўгору».
Так, прырода, космас з іх чароўнай веліччу і неспасціжнай і да канца не «расшыфраванай» прыгажосцю могуць скіраваць наш позірк «уверх», у боскія вышыні, да нашага канчатковага прызначэння, да яднання з Творцам і пакланення Яму. Але яны ў роўнай ступені могуць спыніць нас на паўдарозе, і нават горш – звесці з праўдзівага шляху, фіксуючы на сабе чалавечы погляд і ўвагу і прэтэндуючы на тое, каб самім стаць аб’ектам пакланення.
Як заўважыў Папа Бенядыкт XVI, «мова стварэння дае розныя падказкі, абуджае ў чалавеку пачуццё Творцы… Але пазнанне, якое паходзіць ад стварэння і канкрэтызуецца ў рэлігіях, таксама можа збіць са шляху, таму яно больш не будзе пабуджаць чалавека да ўзлёту, а будзе толькі фіксавацца ў сістэмах, у якіх, як яна верыць, зможа нешта супрацьпаставіць схаваным сілам свету».
Праявай такога скажонага погляду на прыроду з’яўляюцца прымітыўныя старажытныя рэлігіі, а іх рэхам сёння – спробы, так сама і сярод нашага народу, вярнуцца да язычніцтва ці такія, на першы погляд, «нявінныя» практыкі, як чытанне гараскопа, калі чалавек за канфігурацыяй зорак думае знайсці адказы на свае самыя вострыя і важныя пытанні. Таму св. Рыгор Назіянскі кажа, што ў той момант, калі вешчуны пакланіліся Ісусу ў яслях, настаў канец астралогіі, бо з гэтага часу зоркі пайшлі па арбітах, якія задаў Хрыстос.
Нам, хрысціянам, дзецям Божым, не пасуе апускаць свой позірк уніз, бо мы пакліканы старанна шукаць тое, што «ўгары», дзе прабывае Бог, Якому ўсё стварэнне, бачнае і нябачнае, узносіць хвалу, падзяку і праслаўленне. Да гэтага заклікае нас св. Павел у Пасланні да Галатаў: “Але тады, калі не ведалі вы Бога, служылі тым, якія па сутнасці не ёсць багамі. Цяпер жа, калі вы ўжо пазналі Бога і самі пазнаныя Богам, чаго вяртаецеся да бяссільных і бязродных стыхій, якім зноў хочаце служыць? Вы глядзіце на дні, месяцы, часы і гады! Баюся за вас, што, можа, надарма працаваў у вас.” (Гал. 4, 8-11)
Малітва. Уладару і Творца свету! Праслаўляем Цябе за справу рук Тваіх — прыроду, космас, чыстае неба, сонца, месяц, ясныя зоркі, якія Ты на пачатку стварыў і праз якія Ты адкрываеш нам сваю адвечную мудрасць, дасканаласць, боскасць. Разам з усім стварэннем хвалім і праслаўляем Цябе і пакорліва просім: няхай не зводзіць нас са шляху праўдзівага пакланення тленная прыгажосць створанага свету, але няхай яна вядзе нас да яднання з Табою, нашым Творцам і Госпадам. Амін.
Ул. Багдан Дзюрах