“Паходня для ног маіх — слова Тваё і святло сцежкі маёй.” (Пс. 119, 105)
Мудрацы, якія ішлі за зоркай і шукалі юдэйскага цара, сімвалізуюць рух народаў да Хрыста, і ў гэтым руху, як мы бачылі, правадніком спачатку была цудоўная зорка. Гэта, паводле словаў Папы Бенядыкта XVI, трэба разумець так, што «пра Хрыста гаворыць космас і што гэтую мову чалавек з яго фактычным успрыманнем наўрад ці зможа цалкам расшыфраваць». Доказам гэтага палавінчатага, недасканалага пазнання Бога можна лічыць тое, што зорка вядзе мудрацоў толькі ў Юдэю. Там, у Ерусаліме, у каралеўскім палацы, павінен быў нарадзіцца будучы кароль – прынамсі, так сабе гэта ўяўляюць мудрацы з Усходу. Аднак, «каб канчаткова знайсці дарогу да сапраўднай спадчыны караля Давіда, ім патрэбна кіраўніцтва Святога Пісання Ізраіля, Слова Бога жывога».
Паказальна, што ў Ерусаліме зорка знікае з вачэй Мудрацоў, а адказ на іх пытанне: «Дзе той цар Юдэйскі, што нарадзіўся? Бо мы бачылі зорку Яго на Усходзе ды прыбылі пакланіцца Яму» (Мц. 2, 2) — даюць не такія ж, як яны, вешчуны-астролагі, знаёмыя з нябеснымі свяціламі, а знаўцы Святога Пісання — «першасвятары і кніжнікі народныя», якія ўказваюць ім на старазапаветнае прароцтва Міхея: “І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраіля” (Мц. 2, 6; гл. Міх. 5, 1).
Цяпер Божае Слова прасвятляе іх розум і сэрца і паказвае ім шлях, робячыся для іх свяцільнікам у дарозе. Таму, прасветленыя боскім навучаннем, яны пакідаюць Ерусалім і вырушаюць туды, куды іх накіравала Божае Слова, — у Бэтлеем. Зорка, якая цяпер зноў з’яўляецца на даляглядзе, ужо не галоўны рухавік іх паходу, а толькі дапаможны арыенцір. Становіцца над Бэтлеемам і спыняецца над убогай стайняй, нібы пакланяючыся Творцу, што спачывае ў постаці ўбогага і безабароннага Дзіцятка. Цяпер ужо не патрэбнае святло зоркі, бо перад вачыма мудрацоў у яслях ззяе «Святло лагоднае святое славы несмяротнага Айца Нябеснага»…
«Вось я, слуга Гасподняя. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк. 1, 38) — сказала Багародзіца ў дзень Дабравешчання Гасподняму пасланцу. І ў гэты момант здзейсніўся вялікі цуд: Слова сталася целам і пасялілася сярод нас (гл. Ян 1, 14). Марыя стала жывым храмам Уцелаўлёнага Божага Слова. Яна, якая ўсё сваё жыццё беражліва захоўвала ўсе гэтыя словы ў сваім сэрцы і раздумвала над імі (гл. Лк. 2, 19.51), вучыць нас, як мы павінны адкрыцца на Божае Слова, прыняць яго ў наша сэрца і ісці за ім дарогаю жыцця, аж пакуль не наблізімся да Жывога Бога, каб з’яднацца з Ім навекі. Таму што Ён запэўніў сваіх верных вучняў: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд, але перайшоў ад смерці да жыцця.” (Ян. 5, 24)
Малітва: Божа і Творца неба і зямлі, што сваім словам клічаш усё ад небыцця да існавання! Вядзі мяне дарогаю пазнання і глыбейшага яднання з Табою! Прасвятляй маё сэрца і мае духоўныя вочы сваім Словам, адкрый мой розум на разуменне Твайго Святога Пісання! Там, дзе я буду сутыкацца з цяжкасцямі ў разуменні, пашлі знаўцаў і настаўнікаў, якія ў святле Твайго Духа будуць настаўляць мяне па праўдзівую дарогу, і дазволь мне ў канцы дарогі прыйсці да Цябе і пакланіцца Табе – жывому праўдзіваму Богу, адзінаму ў Святой Тройцы – Айцу і Сыну, і Святому Духу. Амін.
Ул. Багдан Дзюрах