#НасустрачРаству. Ісці насустрач Хрысту, нягледзячы на ​​цяжкасці і не баючыся памылак на шляхуІсці …

#НасустрачРаству. Ісці насустрач Хрысту, нягледзячы на ​​цяжкасці і не баючыся памылак на шляху

Ісці за голасам Божым не заўсёды даецца чалавеку лёгка. Рознага кшталту перашкоды ўзнікаюць ужо на першых этапах Божага поклічу і суправаджаюць чалавека ў той ці іншай форме на працягу ўсяго шляху веры.

Прыклад Абрагама – нашага прабацькі ў веры, які па закліку Бога выправіўся ў дарогу, хоць не ведаў да канца канчатковай мэты і не мог прадбачыць усіх цяжкасцей, якія напаткаюць яго ў гэтым шляху (Рым. 4, 3; Як. 2, 23), вельмі красамоўны і павучальны. Такім жа чынам і апосталы Хрыста, хоць і пакінулі ўсё і пайшлі за Ісусам, не маглі прадбачыць з пэўнасцю ўсяго, што неўзабаве стала часткай іх жыцця і іх духоўнага досведу.

Падобны досвед атрымалі і мудрацы з Усходу. У іхніх душах найперш маглі ўзнікаць сумненні, ці варта ўвогуле выпраўляцца ў дарогу, ці не дастаткова проста любавацца цудоўнай зоркай, расказваць іншым пра яе красу, пісаць трактаты пра яе падарожжа па небе і г.д. Тым не менш, яны паспяхова пераадолелі гэты першы выклік і адправіліся ў дарогу. Злы паспрабуе перашкодзіць нам на шляху веры, угаворваючы нас увогуле не ўспрымаць усур’ёз тое, што паўстае перад нашымі вачыма або што даходзіць да нашых вушэй…

Такім чынам, мудрацы павінны былі змірыцца з тым, што іх шлях будзе пазначаны сапраўднымі цяжкасцямі і запатрабуе ад іх самаахвярнасці і вытрымкі, асабліва калі ўлічыць, што гэта не было паломніцтва XXI ст., арганізаванае паломніцкім цэнтрам ці нейкай авіякампаніяй, што бярэ на сябе ўсе арганізацыйныя клопаты і рызыкі, звязаныя з падарожжам… Ідучы за голасам Хрыста, мы павінны разумець, што гэта будзе нам чагосьці каштаваць. Але будзем упэўнены: яно таго варта! Бо мы не чакаем на штосьці нязведанае і невядомае – мы чакаем на сустрэчу з Богам, на досвед Божай прысутнасці і Божай любові!

Яшчэ адна складанасць заключалася ў тым, што зорка не заўсёды свяціла перад мудрацамі. У гэтым падарожжы ім не аднойчы даводзілася адчуваць разгубленасць, сутыкацца тварам да твару са сваімі пытаннямі і сумненнямі, адчуваць балючую няпэўнасць, рабіць нечаканыя прыпынкі і чакаць знаку з неба. Так яны вучыліся самаадрачэнню, мудрасці не спадзявацца на ўласныя сілы, уменні і досвед, але ўсё больш і больш давяраць Богу, прымаць і паважаць Божыя рытмы і Божае кіраўніцтва. У духоўным жыцці гэта так важна: не фарсіраваць падзеі, звязаныя з уласным духоўным узрастаннем, і тым больш — з узрастаннем іншых, а дазволіць Богу дзейнічаць тады і так, як Ён будзе лічыць гэта лепш за ўсё. …

Нарэшце — і гэта было асабліва важна, хоць і цяжка — яны павінны былі прыняць факт сваёй чалавечай слабасці, сваёй здольнасці памыляцца, збочваць з правільнага шляху, прымаць памылковыя рашэнні. Бо якраз тады, калі яны думалі, што дасягнулі мэты, аказалася, што яны трапілі не туды: Месія нарадзіўся не ў Ерусаліме, а ў Бэтлееме. Таму ў Бэтлееме, верагодна, спадзеючыся ўбачыць Нованароджанага ў атачэнні вялікай світы, у шыкоўных пакоях, на самай справе ўбачылі ўбогае дзіця, спавітае ў простыя пялёнкі і акружанае дамашнімі жывёламі, якія сагравалі сваім дыханнем халодную стайню, дзе знаходзіўся гэты «юдэйскі кароль».

Як часта нашы чаканні і спадзяванні разбіваюцца аб простую і суровую рэчаіснасць, з якой мы сутыкаемся, калі набліжаемся да Бога! Такі досвед вучыць нас пакоры і неабходнасці жыць у паставе, якую традыцыя называе «пастаянным навяртаннем» і пра што мы молімся, кажучы: «Каб далейшы цяг жыцця нашага ў супакоі і пакаянні правесці, у Госпада просім!»

Малітва: Мой Госпадзе і Божа! Вядзі мяне дарогаю, якую Ты сам для мяне вызначыў! Дай мне мудрасці не адступаць перад цяжкасцямі і пакорліва прымаць свае абмежаванні і слабасці. Дай мне мудрасці ўсё больш і больш давяраць Табе і, нягледзячы ні на што, ісці наперад, каб мая вера не аслабела ў дарозе, а наадварот – умацавалася, і каб у канцы дарогі я мог перажыць тую радасць, якую зведалі мудрацы з Усходу, і разам з імі прамовіць словы праведнага Сімяона: «Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго!» Амін.

Ул. Багдан Дзюрах