Беларуская правінцыя базыльянскага ордэнаУ выніку першага раздзелу Рэчы Паспалітай 1772 г. да Расій…

Беларуская правінцыя базыльянскага ордэна
У выніку першага раздзелу Рэчы Паспалітай 1772 г. да Расійскай імперыі адышлі ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага, на якіх дзейнічала 14 базыльянскіх манастыроў. Гэта былі манастыры ў наступных населеных пунктах: Ануфрыева, Віцебск, Любавічы, Малашкавічы, Марывіль, Махірова, Орша, Полацк (Св. Сафіі), Пустынкі (Мсціслаўскія), Рагачоў, Сіроціна, Скіток, Тадуліна і Талачын.

Праз год пасля раздзелу на землях, што належалі манастыру ў м. Беразвечча, якое засталося на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, пры царкве ў в. Вярбілава быў заснававаны самастойны манастыр. Такім чынам, з 1773 г. да канца 1790-х гг. на тэрыторыі Расійскай імперыі дзейнічала 15 базыльянскіх манастыроў. У 1780 г. яны былі аб’яднаны ў адмысловую адміністрацыйную адзінку – Беларускую правінцыю Св. Мікалая.

У выніку 2-га і 3-га раздзелаў Рэчы Паспалітай 1793 і 1795 гг. да складу Беларускай правінцыі былі далучаны манастыры ў населеных пунктах Дабрыгоры, Полацк (Св. Барыса і Глеба), Ушачы і Чарэя. У канцы 1790-х – пачатку 1800-х гг. манахі скасаванага манастыра ў Рагачове заснавалі новы манастыр у в. Ліскі, а манастыр у г. Віцебску спыніў сваю дзейнасць. Такім чынам, паводле стану на 1805 г. у склад правінцыі ўваходзіла ўжо 18 манастыроў.

Правінцыя (у расійскіх крыніцах першай трэці ХІХ ст. насіла назву “Беларускае базыльянскае праўленне”) кіравалася адмысловымі правінцыяламі, якія, карыстаючыся падтрымкай мясцовых епіскапаў, часта ўступалі ў супрацьстаянне з протаархімандрытамі ордэна.

Архіў правінцыі цудоўным чынам ацалеў і захаваўся практычна цалкам, хоць да пачатку 2000-х гадоў лічыўся страчаным, як і архіў Полацкай уніяцкай духоўнай кансісторыі.

Дзяніс Лісейчыкаў