Пасля таго, як мудрацы паднеслі Ісусу свае дары і пакланіліся Яму, то, “атрымаўшы ўва сне наказ, каб не вяртацца да Ірада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.” (Мц. 2, 12) Яны вярталіся ў сваю зямлю іншай дарогай. Аднак змена датычыла не толькі геаграфічнага маршруту. Наступілі карэнныя перамены іхняга жыцця. Яны не проста вярталіся «іншай дарогай», яны вярталіся, стаўшы іншымі людзьмі. Сустрэча з Богам назаўсёды перамяніла іхняе жыццё і назаўсёды пакінула след у іхніх душах.
Да падобнай перамены заклікаюць нас і Святыя Айцы, як, напрыклад, свяціцель Кефаланіцкі Ілля Міняцій, які так разважае пра гэту падзею: «Вешчуны пасля таго, як пакланіліся Хрысту, не вярнуліся тым самым шляхам, якім прыйшлі, але выбралі іншы і вярнуліся ў сваё месца. Вось гэта самае неабходнае, што павінны зрабіць і мы ў гэтыя святыя дні. І нам не трэба вяртацца тою ж самаю дарогаю, якою мы прыйшлі; не – зменім дарогу, зменім норавы, зменім жыццё – пойдзем іншым шляхам. Мы не вернемся да мінулых страсцяў, да грахоў, да мінулай пагібелі, але пачнем ісці іншаю сцежкаю — хрысціянскай міласэрнасці».
У каментарыі ананімнага аўтара І тыс. чытаем прыгожыя роздумы пра веру мудрацоў, якая з’яўляецца плёнам шчырага пакаяння і аўтэнтычнага навяртання ад д’ябла да Хрыста: «Якая вялікая была вера мудрацоў! Яны не супраціўляліся папярэджанню анёла, кажучы: «Мы здзейснілі такі доўгі шлях, праходзячы без страху праз тэрыторыі многіх дзяржаў. Мы не баяліся грозных каралёў, калі знаходзіліся на іх тэрыторыі, але з вялікай адданасцю прапаведавалі пра Караля, які нарадзіўся, і як Богу прынеслі Яму годныя дары. А цяпер ты, як рабам, загадваеш нам уцякаць і вяртацца іншай дарогай, а не той, па якой мы прыйшлі…»
Не, яны ўжо ўмацаваліся ў веры і не баяцца цяпер прызнаць, што ім не сорамна ўцякаць таемна. Бо ўжо было нечым немагчымым, каб той, хто прыйшоў ад Ірада да Хрыста, мог вярнуцца да Ірада. Бо той, хто пакідае Хрыста і ідзе да Ірада, вельмі часта вяртаецца да Хрыста. Аднак тыя, хто, пакінуўшы Ірада, усім сэрцам прыбягаюць да Хрыста, да Ірада ўжо ніколі не вяртаюцца. Гэта значыць, што тыя, хто, здзяйсняючы грэх, пераходзяць ад Хрыста да д’ябла, часта пасля пакаяння вяртаюцца да Хрыста. А той, хто пакідае д’ябла дзеля Хрыста, нялёгка вяртаецца да д’ябла… Той, хто ў жыцці зведаў зло, якое з ім здарылася, і прыгадвае сабе, што такое дабро, якое ён страціў, засмучаны вяртаецца да Бога, ад Якога адышоў. Чалавек, які дазволіў сябе агарнуць злу, а потым вярнуўся да дабра, радуецца гэтаму дабру, якое адшукаў, і ўжо не вернецца так проста да зла».
У гэты калядны час Госпад скіроўвае да нас свой заклік і сваю перасцярогу: зважаць на хітрыкі злога і яго падкопы і стаць на дарогу веры праз шчырае пакаянне. Успомнім і сабе нашыя сустрэчы з ірадамі на нашым жыццёвым шляху: досвед граху, памылак, збочвання з Божай дарогі. Будзем прасіць у Госпада ласкі больш не вяртацца да даўніх звычак, не станавіцца больш на дарогу беззаконня, але ісці адгэтуль дарогаю Божаю, дарогаю, на якую сталі мудрацы з Усходу і на якой Госпад абяцае нам паўната жыцця, асалоды, радасці.
Малітва. О Міласэрны і доўгацярплівы Божа! Разам з каралямі-мудрацамі пакорліва прыступаю да Тваіх ясляў і прашу ў Цябе прабачэння за ўсё маё блуканне па бездарожжы граху. Мая душа так часта бывае падобная да стайні, дзе бракуе святла, паху дабрадзейнасцяў і росквіту жыцця. Але Ты, мой Міласцівы Госпадзе, прыходзіш, каб збаўляць грэшнікаў. Дык нарадзіся ў маёй душы, ачысці і асвяці яе сваім нараджэннем і дай, каб адгэтуль і назаўсёды я абмінаў дарогу беззаконня, а ішоў дарогаю жыцця. Амін.
Ул. Багдан Дзюрах