Ян Хрысціцель выбірае для сваёй дзейнасці месца далёка ад горада, ён выбірае пустыню. Пра гэта паведамляе евангеліст Мацвей: “У тыя дні прыйшоў Ян Хрысціцель, прапаведуючы ў пустыні Юдэйскай і кажучы: «Навяртайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». (…) Сам жа Ян насіў адзенне сваё з вярблюджага воласу і дзяжку скураную на паясніцы сваёй, а ежай яму была саранча і дзікі мёд.” (Мц. 3:1-4)
У пустыні Ян вёў просты і строгі лад жыцця. Евангелле паводле Мацвея падкрэслівае беднасць адзення Хрысціцеля, а таксама яго бедны рацыён. Праўда палягае ў тым, што «ў пустыні чалавек нанава адкрывае для сябе вартасць таго, што сапраўды важна, і таго, што сапраўды неабходна для жыцця». Гэтую праўду Бенядыкт XVI нагадаў усёй Царкве амаль дзесяць гадоў таму, на пачатку Года веры. І калі вы памятаеце, Бенядыкт XVI казаў пра сумную з’яву: «У апошнія дзесяцігоддзі ўзмацніўся спажывецкі лад жыцця, свет без Бога. На жаль, кожны дзень мы бачым вакол сябе пустэчу, якая пашырылася з-за «духоўнага спусташэння».
У пустыні чалавек нанава адкрывае для сябе каштоўнасць таго, што неабходна для жыцця. А ў пустыні асабліва патрэбны людзі веры, якія самім сваім жыццём, жыццём, перамененым Богам, паказваюць шлях да надзеі, да Бога.
Гэтая характарыстыка Яна Хрысціцеля ўжо можа быць падказкаю, дапамогай для нас у нашым жаданні і намаганні лепш сінхранізаваць сябе з патрабаваннямі Евангелля. Варта было б спытаць сябе:
Ці сапраўды я бяру толькі тое, што неабходна для майго жыцця?
І які стыль я прапаную ў адносінах да рэчаў, якія ў мяне ёсць?
Ці я сведка простага ладу жыцця?
а. Кшыштаф Бялінскі, CSsR,
Акадэмія св. Альфонса
#АдноЦела
*Ікона з Прачысценскай царквы в. Дубенец, Столінскі раён Брэсцкай вобл. 1-ая пал. 18 ст.