У канцы 1827 г. быў складзены і падпісаны міністрам народнай асветы і галоўным кіраўніком Дэпартамен…

У канцы 1827 г. быў складзены і падпісаны міністрам народнай асветы і галоўным кіраўніком Дэпартамента замежных веравызнанняў А. Шышковым Праект далучэння ўніятаў да праваслаўя. Удзел у яго падрыхтоўцы прымалі намеснік А. Шышкова Р. І. Карташэўскі і асэсар уніяцкага дэпартамента І. Сямашка.

Праект складаўся з дзвюх частак. У першай даваўся гістарыяграфічны агляд тых мер, якія прымаў урад, пачынаючы з Кацярыны ІІ, па далучэнні ўніятаў да праваслаўя; у другой выказваліся думкі аб тым, што неабходна зрабіць у гэтым кірунку.

Асноўная ідэя дакумента заключалася ў тым, каб адарваць уніятаў ад каталіцтва шляхам скасавання часткі базылянскіх манастыроў, стварэння асобнай ад каталіцкай грэка-ўніяцкай калегіі, адкрыцця новых навучальных устаноў для падрыхтоўкі юнакоў у традыцыях праваслаўнай веры. Прадугледжвалася таксама ліквідаваць залежнасць уніяцкага духавенства ад памешчыкаў-каталікоў, якія, будучы ктытарамі, не толькі аказвалі матэрыяльную дапамогу Царкве, але і ўплывалі на выбар кандыдатур свяшчэннаслужыцеляў у сваіх маёнтках.

Калі ўлічваць шляхецкае паходжанне, добрую адукацыю, багатыя фундушы манастыроў, адсутнасць сем’яў, то атрымлівалася, што базылянскія манахі маглі аказваць большае супраціўленне справе скасавання уніі, чым белае ўніяцкае духавенства.