Хрысціянская традыцыя па-рознаму тлумачыла таямнічыя постаці мудрацоў з Усходу. Іх бачылі як прадстаўнікоў трох вядомых на той час сусветных магутных каралеўстваў: Афрыкі, Азіі і Еўропы; або ж — як сімвалы трох перыядаў чалавечага жыцця — маладосці, сталасці і старасці, якія аднолькава патрабуюць Бога; знаўцы Святога Пісання абапіраліся на сведчанне прарока Давіда ў Псалмах, і менавіта таму гэтых мудрацоў-вешчуноў сталі называць «каралямі»: “Цары Тарсіса і вострава прынясуць дары, цары Арабаў і Сабы дашлюць яму падарункі. І паклоняцца яму ўсе цары, і ўсе народы служыць яму будуць.” (Пс. 72, 10-11)
Усе гэтыя інтэрпрэтацыі ўтрымліваюць два важныя пасланні: першае – што збаўленне даецца ўсім народам і ўсім людзям, незалежна ад узросту, паходжання і стану; а другое — што ўсе людзі і народы скіраваны ў сваіх пошуках да Бога, туды, дзе «ў пячоры ўбогай, у яслях на сене спачыў Госпад, Валадар свету». Гледзячы на досвед мудрацоў, мы яшчэ раз можам усвядоміць паўнату і нашага шляху веры і богапазнання.
Пазнанне Бога часта пачынаецца з сузірання красы прыроды, велічы стварэння – цудоўная зорка звярнула ўвагу мудрацоў. А гэтае аб’яўленне Бога праз выразны знак на небе знайшло водгук у іхнім сэрцы, у якім яны ўжо здаўна адчувалі покліч да чагосьці вялікага і святога, запісаную ў чалавечай прыродзе тугу за яднаннем з Богам, якую св. Аўгустын выразіў сваёй знакамітай фразай: «Стварыў Ты нас для сябе, Госпадзе, і неспакойнае людское сэрца, пакуль не супакоіцца ў Табе». Пра гэты шлях пазнання і набліжэння да Бога св. Павел напіша: “Калі пагане, не маючы ніякага закону, па прыродзе робяць тое, што па законе, дык, не маючы закону, яны самі сабе закон. Паказваюць яны, што справа закону напісана ў іх сэрцах, пра гэта сведчыць іх сумленне і думкі” (Рым. 2, 14-15).
Калі чалавек, адчуўшы гэты першасны покліч прыроды і ўласнага сумлення, робіць крок насустрач Богу, Бог са свайго боку яшчэ больш дазваляе пазнаць сябе — гэтым разам у сваім Слове. І менавіта гэта перажылі мудрацы ў Ерусаліме, атрымаўшы ад першасвятароў і кніжнікаў указанне, дзе шукаць таямнічага «юдэйскага караля».
І так, правільна ідучы за Словам Божым, мудрацы даходзяць да асабістай сустрэчы з Жывым Богам, Уцелаўлёным у Хрысце Ісусе, а праз Яго – да пазнання адзінага праўдзівага Бога, паводле слоў Евангелля ад Яна: “Бога ніхто ніколі не бачыў; Адзінародны Сын, Які ва ўлонні Айца, Ён Сам з’явіў.” (Ян. 1, 18) Такое непасрэднае пазнанне Бога з’яўляецца ўжо не плёнам чалавечых намаганняў, але дарам Божай ласкі. Чалавека тады агортвае духоўнае святло і вялікае шчасце ад гэтага незаслужанага дару, як гэта было з Сымонам-Пятром, якому пасля яго прызнання Ісуса Хрыстом, Сынам Бога жывога, сам Ісус сказаў: “Шчаслівы ты, Сымоне, сыне Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах.” (Мц. 16, 17)
Апошнім актам чалавека, калі ён становіцца перад жывым Богам, з’яўляецца пакланенне Яму ў паставе глыбокай пашаны, удзячнасці, любові і поўнай аддачы сябе ў Яго рукі. Мудрацы, “упаўшы, пакланіліся Яму” (Мц. 2, 11); Багародзіца ў пакоры сэрца кажа: “Вось жа, Я — служка Госпадава, хай Мне станецца паводле твайго слова” (Лк. 1, 38); св. Язэп адказвае не словамі, а справай: “Язэп, узняўшыся ад сну, зрабіў так, як яму загадаў Анёл Госпадаў” (Мц. 1, 24); св. апостал Тамаш, які, пазнаўшы Уваскрослага Хрыста, радасна ўсклікнуў: «Госпад мой і Бог мой!» (Ян. 20, 28)