Звесткі пра святкаванне «Зачацця святой Ганнай Марыі Дзевы» на захадзе маем з IX ст. Менавіта пад такой назвай гэтае свята значыцца ў Неапалітанскім мармуровым календары пад 9 снежня.
На лацінскім Захадзе свята развіваецца паступова, і з XII ст. яно апынаецца ў цэнтры дыскусій аб канцэпцыі бязгрэшнасці Марыі ад моманту зачацця. З XV ст. асаблівы акцэнт робіцца на тым, што Зачацце Багародзіцы было Беззаганным, гэта значыць, што Марыя не мела першароднага граху. Канчаткова гэта вучэнне зацвердзілася толькі ў ХІХ ст. Менавіта з ХІХ ст. у назве гэтага свята ў Рыма-Каталіцкай Царкве афіцыйна і паўсюдна прысутнічае слова «Беззаганнае».
У сваю чаргу ў Візантыі, дзе гэтае свята і ўзнікла, яно значна хутчэй набывае вызначальнай вагі і ўжо ў XI ст. з’яўляецца адным з вялікіх святкаванняў літургічнага года. Бясспрэчна можна сцвердзіць прынамсі пра некаторыя візантыйскія манастыры. І гэтае свята як вялікае прымае і Русь праз пераклад «студыцка-аляксееўскага» тыпікона. У Кіеўскай Царкве з XVII ст. набывае папулярнасць канцэпцыя бязгрэшнага Зачацця Багародзіцы, распаўсюджаны ўжо ў той час у Рыма-Каталіцкай Царкве.
Эдуард Берднік