“З’явіўся ім анёл Госпадаў, і хвала Госпада асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх.” (Лк. 2, 9)
Верніку сапраўды цяжка звыкнуцца з цудам Хрыстовага Нараджэння. Таму што ў гэтай падзеі здзейснілася яднанне неба і зямлі. У гэтай падзеі Бог зышоў на зямлю, каб чалавек мог узысці на неба. Там, дзе паміж небам і зямлёй была цёмная бездань, выкліканая грахом чалавека, сёння з’явіўся светлы Анёл – Божы пасланец, і ў той жа час убогіх пастухоў у полі акружыла Гасподняя слава. Таму «Неба і зямля радасна спяваюць, Анёлы, свету дзіва абвяшчаюць»!
Евангеліст Лука піша, што Анёл Гасподні з’явіўся «ім», гэта значыць пастушкам, і слава Гасподняя асвятліла «іх». Гэтую мэтанакіраванасць Божага дзеяння яшчэ больш падкрэсляць словы Анёла, які непасрэдна звернецца да спалоханых пастухоў: “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстос Госпад.” (Лк. 2, 10-11) Таму з’яўленне Анёла, як і слава Гасподняя, мела свайго канкрэтнага адрасата – чалавека, чалавецтва, прадстаўленае ў гэтай евангельскай падзеі ўбогімі пастухамі.
Тут, над Бэтлеемам, споўнілася прароцтва Ісаі, які сказаў: “Народ, які жыў у цемры, святло ўбачыў вялікае: для жыхароў у краіне засені смерці святло заззяла.” (Іс. 9, 2) Дзіўным чынам — і гэта таксама цуд Раства — надзвычайнае ўбоства пастухоў і глухая цемра ночы сталі нібы магнітам, які прыцягнуў Божае святло і Божую славу да грэшнага чалавека, да грэшнай зямлі.
Як цяжка нам зразумець гэтую бязмежную Божую міласць і гэты бескарыслівы Божы дар! Часам нам здаецца, што Анёл Божы павінен з’яўляцца толькі і выключна людзям святым, набожным, чыстым, беззаганным – такім, якімі былі, напрыклад, Дзева Марыя або Яе Абраннік Язэп, «чалавек праведны» (гл. Мц. 1, 19).
Аднак у Нараджэнні Хрыстовым мы ўсе – без выключэння! – атрымліваем у дар гэты цуд, гэтую цудоўную добрую вестку: Божае пасланне міру, радасці, збаўлення. Хрыстос прыходзіць дзеля нас, дзеля мяне! Мне сёння з’яўляецца Гасподні Анёл! Мяне сёння ахінае Гасподняя слава! Не за мае праведныя ўчынкі, а з вялікай міласці, якую Бог у Хрысце Ісусе захацеў аказаць мне, грэшнаму і ўбогаму стварэнню! Бо ж Ён сам сказаў: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым. (…) бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў». (Мц. 9, 12-13) «Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба», — вызнаём мы ў Сімвале нашай веры найглыбейшую сутнасць і мэту Хрыстовага Нараджэння.
Святыя гэта вельмі добра разумелі, і не толькі разумелі, яны дазволілі гэтаму «бэтлеемскаму цуду» здзейсніцца ў іх жыцці. Саўл быў агорнуты цемрай нянавісці да хрысціянаў, калі па дарозе ў Дамаск «раптам святло з неба асвятліла яго» (зусім так сама, як і з пастушкамі ў полі каля Бэтлеему!) “Ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: «Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?» (Дзеi 9, 3-4) Гэта гаварыў не Анёл Гасподні, але сам Госпад, Уваскрослы з мёртвых, які памёр і ўваскрос, між іншым, і дзеля гэтага ўбогага няшчаснага Саўла. Там, каля Дамаска, «памёр» грэшнік Саўл і нарадзіўся св. Павел, апостал, які пазней будзе пакорна сведчыць пра той збаўленчы досвед: “Ісус Хрыстос прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў, сярод якіх я першы.” (1Цiм. 1, 15) Такім чынам у жыцці Саўла здзейсніўся «бэтлеемскі цуд».