У падзеях, звязаных з нараджэннем Збаўцы, паказваецца логіка Божага дзеяння ў свеце, а менавіта тое, што Бог аддае перавагу ўбогім, апошнім, маргіналізаваным, тым, хто знаходзіцца на перыферыях — геаграфічных, духоўных і грамадскіх. Гэтая Божая логіка чырвонай ніткай праходзіць праз усё Святое Пісанне, а асаблівае праяўленне яна атрымлівае ў пастухах.
Варта памятаць, што з Бэтлеемам звязана паходжанне караля Давіда, які быў там пастухом, а акрамя таго – малодшым з усіх сыноў свайго бацькі Ясэя, што не давала яму ніякіх шанцаў на сямейнае ці грамадскае ўзрастанне. Цікава, што калі Бог загадаў прароку Самуэлю ісці ў Бэтлеем і памазаць аднаго з сыноў Ясэя на караля, сам прарок не адразу зразумеў логіку Божага дзеяння і быў схільны выбіраць старэйшага — Эліяба, пакуль не пачуў перасцярогі ад Бога: «Не глядзі на твар яго, ані на высокі рост яго, бо Я яго не выбраў; Я не вырашаю так, як чалавек: бо чалавек бачыць яўнае, а Госпад бачыць сэрца». (1Сам. 16, 7) Выбар Бога спыніўся на пастуху Давідзе, якога Самуэль памазвае на караля і тым самым робіць яго Пастырам Ізраіля (гл. 2 Сам 5, 2; Ез. 34, 23).
Уся традыцыя Ізраіля прасякнута гэтай пастырскай тэматыкай. Дастаткова ўспомніць, што пастухамі былі Абрагам, Ісаак, Якуб, Абэль і нават Майсей, які доўгі час пасвіў авечак свайго цесця Етры, а сам Госпад, як у Старым, так і ў Новым Запаветах, прадстаўляе сябе ў вобразе пастыра, які клапатліва пасвіць сваіх авечак – свой умілаваны народ (гл. Іс. 40, 11; Зах. 9, 16; Ян. 10, 11-17; Адкр. 2, 27; 7, 17).
Нягледзячы на такую глыбока ўкаранёную ў Святым Пісанні пастырскую традыцыю, у часы Хрыста такая праца ўжо не карысталася пашанай у грамадстве. Больш за тое, з-за свайго ладу жыцця, які не дазваляў у поўнай меры выконваць усе рэлігійныя прадпісанні, выкананне якіх патрабавалі фарысеі, пастухі разам з мытнікамі і грэшнікамі належалі хутчэй да адсталай часткі грамадства. На тагачаснай сацыяльнай лесвіцы яны былі, мабыць, толькі на прыступку вышэй за рабоў-нявольнікаў. Такім чынам, пастухі ў апісанні Нараджэння Хрыстовага – апошнія людзі ў Ізраілі па сацыяльнай значнасці.
Аднак Госпад у сваёй міласэрнасці ламае чалавечыя схемы і стэрэатыпы і скіроўвае свой позірк і сваю ўвагу менавіта туды, дзе пануюць цемра, пагарда, маргіналізацыя і ўбоства. На пачатку сваёй публічнай дзейнасці Ісус будзе цытаваць у сінагозе ў Назарэце прароцтва Ісаі, у якім апісваецца як раз такое дзеянне Бога і якое скіравана перш за ўсё да ўбогіх і абяздоленых: «Дух Госпада на Мне; таму Госпад Мяне намасціў, каб нёс добрую вестку ўбогім, паслаў Мяне лячыць раны зламаным сэрцам, прадказваць палонным свабоду, сляпым — відушчасць, а вязням — вызваленне, вясціць год спагадлівасці Госпада». (Лк. 4, 18-19; гл. Іс. 61, 1)
Такое дзеянне Бога з’яўляецца знакам надзеі для кожнага чалавека, які па-рознаму перажывае сваё ўбоства – фізічнае, маральнае, духоўнае, – для кожнага, хто адчувае сябе эксплуатаваным, прыніжаным у сваёй годнасці, ігнараваным у сваіх правах, выштурхнутым на ўскраіну грамадскага жыцця. Божае Нараджэнне нагадвае і ўсведамляе нам, што Госпад прыходзіць перш за ўсё да такіх людзей і выяўляе ім сваё «спрыянне», дорыць ім усю сваю любоў і міласць.