Калі гэты ж чалавек спасцігае без марнай пыхі праўдзівую славу ўсяго створанага і самога Стварыцеля (а гэта наймагутнейшы Бог, Які ўсё надзяляе быццём), калі гэты чалавек не перастае любіць Бога і застаецца паслухмяным і ўдзячным Яму, ён атрымае ад Бога яшчэ большую славу, узрастаючы ў падабенстве да Таго, Хто памёр за яго.
Таму Ісус стаў «падабенствам грахоўнага цела», каб асудзіць грэх і выкінуць яго, як асуджанага, з цела; каб паклікаць чалавека стаць падобным Яму (пар. Рым 8, 3), наказваючы наследаваць Бога, даючы яму айцоўскую ўладу, каб чалавек убачыў Бога, а таксама дазваляючы яму спасцігнуць Айца. Слова Божае пасялілася ў чалавеку і стала Сынам Чалавечым, каб прызвычаіць чалавека ўспрымаць Бога і прызвычаіць Бога жыць у чалавеку паводле таго, як ўпадабаў Айцец.
Таму сам Госпад даў як «знак» нашага збаўлення Таго, Хто ёсць Эммануэлем, народжаным ад Дзевы. Сам Госпад быў Тым, Хто збаўляў людзей, бо яны не маглі збавіцца сваімі сіламі. І таму Павел кажа, пацвярджаючы людское бяссілле: «Ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць, у целе маім, добрае» (Рым 7, 18), маючы на ўвазе тое, што не ад нас, але ад Бога паходзіць дабро нашага збаўлення. І яшчэ: «Няшчасны я чалавек. Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці?» (Рым 7, 24). А пасля ўказвае на вызваліцеля: «Ласка Ісуса Хрыста, нашага Госпада» (пар. Рым 7, 25).
Тое ж кажа таксама Ісая: «Умацуйце слабыя рукі, узмацніце дрыжачыя калені. Скажыце маладушным: “Будзьце адважнымі, не бойцеся! Вось Бог ваш, помста прыйдзе; адплата Божая. Ён сам прыходзіць і збавіць вас”» (пар. Іс 35, 4). Бо не праз саміх сябе, але з Божай дапамогай мы павінны збавіцца.
Св. Ірыней Ліёнскі