Не вядома, чаму святкаванне гэтага дня было ўстаноўлена на 6 студзеня — дата, якая, у тым ліку, сустракаецца ўжо ў III ст. Тлумачачы гэту дату ў IV ст., спрабуюць алегарычна паказаць, што 6 студзеня – дзень, звязаны са ззяннем Сонца і яго паўнатой. Так Ахрэм Сірын пісаў: «Дванаццаць дзён прайшло з таго часу, як сонца пачало ўсходзіць (маецца на ўвазе сонцастаянне), і сёння – трынаццаты дзень, які з’яўляецца сімвалам Сына і яго дванаццаці апосталаў».
Для свята Богаяўлення тэма святла была настолькі важнай, што само свята Богаяўлення таксама называлі “Святам Святла”. Важнасць тэмы святла дапамагае зразумець той факт, што ў ранняй Царкве было распаўсюджанае паданне пра тое, што падчас хросту Ісуса ў Ярдане з’явілася вялікае святло. Таксама свята Богаяўлення захоўвала глыбокую сувязь з хрышчэннем верных, якое было прынята здзяйсняць у гэты дзень.
Варта адзначыць, што першапачаткова хрост Ісуса святкаваўся разам з іншымі падзеямі, такімі як Яго нараджэнне і нават цуд у Кане Галілейскай. Але ўжо да канца IV ст. мы бачым у многіх традыцыях тэндэнцыю аддзяляць хрост Ісуса ад іншых святаў. Такім чынам, святкаванне Нараджэння Хрыстовага пераносіцца на 25 снежня. Пра канчатковае аддзяленне хрышчэння ад Божага Нараджэння можна казаць з VII ст. Адзіная Царква, якая не прыняла такога падзелу, гэта Армянская Царква.