Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. Удастоіў яго здольнасці пазнаваць Бога і аздобіў …

Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. Удастоіў яго здольнасці пазнаваць Бога і аздобіў яго розумам сярод усіх зямных стварэнняў. Даў яму магчымасць цешыцца неверагоднай прыгажосцю раю і нарэшце ўстанавіў яго гаспадаром над усім зямным. Тады чалавек паддаўся спакусе змея і трапіў у грэх, а праз яго – у смерць і ў нядолю, якую заслужыў, аднак Бог яго не пакінуў. Спачатку перадаў яму Закон, каб дапамагаў яму; прызначыў анёлаў, каб ахоўвалі яго і клапаціліся аб ім, пасылаў прарокаў, каб выкрывалі яго і навучалі цноце. Пагрозамі стрымліваў і ўтаймоўваў яго схільнасць да зла, а абяцаннямі заахвочваў да дабрадзейства. Часта і на прыкладзе розных асобаў паказваў наперад для павучэння іншых канчатковы лёс добрага і дрэннага шляху. І нават пасля таго, як чалавек надалей упарта трымаўся сваёй непаслухмянасці, Бог усё адно не адвярнуўся ад яго.

Божая дабрыня не пакінула нас, і мы не змаглі знішчыць любоў Бога да нас, адкінуўшы годнасць, да якой паклікаў нас Госпад, хоць і зняважылі нашага Дабрачынцу. Больш за тое, наш Госпад Ісус Хрыстос адвёў нас ад смерці і вярнуў да жыцця. У гэтай справе спосаб аказання дабрадзейства выклікае вялікае здзіўленне: «Ісус Хрыстос, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі» (Флп 2, 6-7).

Ён таксама «ўзяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны» (пар. Іс 53, 4-5). Ён «адкупіў нас ад праклёну, стаўшы праклёнам за нас» (Гал 3, 13), і памёр самай ганебнай смерцю, каб прывесці нас да жыцця ў славе. Яму было недастаткова вярнуць памерлых да жыцця, але Ён яшчэ і адарыў іх годнасцю сваёй Боскай прыроды і падрыхтаваў вечны адпачынак, які пераўзыходзіць веліччу радасці ўсялякія чалавечыя ўяўленні.

Св. Васіль Вялікі