Ягня, забітае паводле загаду Майсея, адвяло калісьці анёла смерці. Ці ж не намнога больш можа вызваліць нас ад граху Божы Агнец, Які забірае грахі свету? Калі кроў неразумнай жывёлы прыносіла ўратаванне, то ці ж кроў Адзінароднага Сына не прынясе больш шчодрае збаўленне?
Ён не памёр насуперак сваёй волі і не быў ахвяраваны з прымусу, але ўчыніў гэта дабравольна. Паслухай, што Ён кажа: «Я маю ўладу жыццё аддаць і маю ўладу зноў узяць яго» (пар. Ян 10, 18). Дабравольна прыняў на сябе муку, радуючыся такой цудоўнай справе, радуючыся будучай перамозе і з прычыны збаўлення людзей. Не саромеўся крыжа, бо праз яго даваў збаўленне свету. І цярпеў не хто-небудзь, але ўцелаўлёны Бог, Які здабываў узнагароду за паслухмянасць.
Таму крыж няхай будзе для цябе радасцю не толькі ў хвіліны спакою. Даверся яму таксама ў хвіліны пераследу. Не імкніся быць сябрам Ісуса толькі падчас спакою, а ворагам – у час барацьбы. Вось цяпер ты атрымліваеш адпушчэнне грахоў і духоўныя, цудоўныя дары твайго Караля. Калі распачнецца барацьба, змагайся мужна дзеля свайго Караля.
Ісус быў укрыжаваны для цябе. Ён ніколі не ўчыніў граху. А ты не павінен быць укрыжаваным за Таго, Хто для цябе быў прыбіты да дрэва? Не ты ахвяруеш дар, бо ты першым яго атрымаў. Ты толькі плаціш узаемнасцю, аддаеш доўг Таму, Хто за цябе быў укрыжаваны на Галгоце.
Св. Кірыла Ерусалімскі