Ён быў сапраўдным рыцарам прымірэньня і аб’яднаньня Цэркваў, людзей, беларускага народу. Яму балела …

Ён быў сапраўдным рыцарам прымірэньня і аб’яднаньня Цэркваў, людзей, беларускага народу. Яму балела разьяднанасьць Царквы Хрыстовае, а разам з царкоўнай і разьяднанасьць народная.

Ужо як Экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, прызначаны на гэтую пасаду мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім 17 верасьня 1940 г., ён заснаваў «Апостальства малітвы за Беларусь».

Асаблівае сьведчаньне вернасьці Евангельлю прыйшлося Экзарху Антону Неманцэвічу скласьці падчас нямецкай акупацыі Беларусі. Ён актыўна працаваў тады як пастыр, пашыраючы навучаньне пра свой ідэал – зьяднаную Царкву. Айцец Леў Гарошка ў сваіх успамінах сьведчыць, што айца Неманцэвіча неаднаразова папярэджвалі, каб быў ён больш абачлівы, бо ягоная актыўнасьць не падабаецца нямецкім акупацыйным уладам. Для нацысцкіх акупантаў Беларусі душпастырская руплівасьць каталіцкіх сьвятароў абодвух абрадаў была небясьпечнай, пра што сёньня сьведчаць дакументы нацыстаў, якія ў іх адкрыта называлі Царкву сваім ворагам.

Айцец Антон Неманцэвіч, Экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, ва ўсім сваім жыцьці і служэньні стараўся быць пастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчынікаў, бяз розьніцы веравызнаньня і палітычных поглядаў. Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр цярпліва і нястомна стараўся ён будаваць братэрскія адносіны з праваслаўнымі ў духу «пакорлівасьці і рэсьпекту для праваслаўнай Царквы». Быў арыштаваны нацыстамі ў жніўні 1942 году і замучаны ў менскай турме СД. Пахаваны 9 студзеня 1943 г. на нямецкіх лютэранскіх могілках у Менску мясцовым праваслаўным сьвятаром.