11 лютага 1952 году ў пас. Навачунка, што ў ваколіцах Брацку ў Расеі ў лагерным зьняволеньні памёр …

11 лютага 1952 году ў пас. Навачунка, што ў ваколіцах Брацку ў Расеі ў лагерным зьняволеньні памёр архімандрыт Андрэй Цікота (1891–1952) – каталіцкі сьвятар лацінскага і візантыйскага абраду, адзін з стваральнікаў сто гадоў таму ў 1924 г. беларускага кляштару марыянаў у Друі, Генеральны суперыёр Ордэну айцоў марыянаў (1933—1939), Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Маньчжурыі ў Кітаі (1939—1948), рэлігійны і культурна-грамадзкі дзяяч, адзін з творцаў беларускага хрысьціянскага руху 20 ст. У сваёй душпастырскай і асьветніцкай дзейнасьці актыўна карыстаўся беларускай мовай, калі служыў у парафіях у Маладэчне, Вілейцы, Будславе, Менску.

Гэты беларускі сьвятар прагнуў служыць для адраджэньня Уніі ў Беларусі, але шмат зрабіць тут яму не давялося.

Памёр у Озерлагу і быў пахаваны на шпітальных могілках ў ваколіцах Брацку (пас. Навачунка, на 116 км ад Тайшэту) Іркуцкай вобласьці. Магіла архімандрыта Андрэя Цікоты была пазначана простым калком і знайсьці яе практычна немагчыма. У 2012 г. на былых лагерных могілках у памяць пра беларускага сьвятара быў устаноўлены драўляны крыж і адслужана памінальная сьв. Імша.

Таксама і на радзіме архімандрыта Андрэя Цікоты, на могілках у Жодзішках, дзе ён быў некалі ахрышчаны ў касьцёле, грэка-каталікамі ў 2003 г. быў устаноўлены сымбалічны памятны каваны крыж. Асьвяціў яго тады Апостальскі візітатар БГКЦ марыянін архім. Сяргей Гаек.

З 2003 г. быў распачаты беатыфікацыйны працэс адносна яго. Ватыканская Кангрэгацыя па справах кананізацыі лістом ад 09.02.2021 распачала працэс беатыфікацыі Слугі Божага Фабіяна (Абрантовіча) і 4 паплечнікаў-марыянаў, адным з якіх ёсьць архімандрыт Андрэй Цікота.

Больш пра пакутны лёс нязломнага архімандрыта Андрэя Цікоты, якому савецкія ўлады, зважаючы на ягоны вялікі аўтарытэт, прапаноўвалі волю ў абмен на згоду стаць праваслаўным або мітрапалітам незалежнай ад Ватыкану Каталіцкай Царквы ў Беларусі, гл. тут:
https://ave-maria.by/life/persons/2766-shlyu-pryvitanne-z-daljokaj-sibiry-arkhimandryt-andrej-tsikota-savetskim-gulagu

«Шлю прывітанне з далёкай Сібіры…» Архімандрыт Андрэй Цікота ў савецкім ГУЛАГу

Апош­нім выпрабаваннем вернасці Богу і веры архімандрыта Андрэя Цікоты стаў для яго савецкі ГУЛАГ