«Да Цябе, Госпадзе, усклікаў, выслухай мяне, пачуй мой голас, калі Цябе клічу» (пар. Пс 141, 1). Дум…

«Да Цябе, Госпадзе, усклікаў, выслухай мяне, пачуй мой голас, калі Цябе клічу» (пар. Пс 141, 1). Думаеш, заклік ужо завершаны, калі кажаш: «Я ўсклікаў да Цябе». Ты ўсклікаў, але не лічы, што ты ў бяспецы. Калі скончылася нядоля, спыніліся і заклікі; аднак калі ўціск Царквы і цела Хрыстовага працягваецца да канца вякоў, трэба казаць не толькі: «Я ўсклікаў да Цябе, выслухай мяне», але таксама: «Пачуй мой голас, калі Цябе паклічу».

«Няхай мая малітва ўзыдзе да Цябе, нібы кадзіла, а ўзнясенне рук маіх – нібы вячэрняя ахвяра» (Пс 141, 2).

Кожны хрысціянін прызнае, што гэты выраз трэба адносіць да самой Галавы. Бо калі дзень хіліўся да вечара, Госпад аддаў душу на крыжы, каб атрымаць яе. Ён не зрабіў гэта насуперак сваёй волі. У нейкай ступені і мы былі там, бо на крыжы вісела менавіта тое, што Госпад узяў ад нас. Як жа Бог Айцец мог адпусціць і пакінуць адзінага Сына, Які сапраўды ёсць з Ім адзіным Богам? І ўсё ж, прыбіваючы нашу слабасць да крыжа, дзе «былы наш чалавек укрыжаваны з Ім» (Рым 6, 6), як кажа Апостал, Ён усклікаў голасам менавіта нашага чалавека: «Божа, мой Божа, чаму Ты мяне пакінуў?» (Пс 22, 1).

Таму вечаровая ахвяра – гэта мука Госпада, крыж Госпада, прынясенне збаўчай ахвяры, прыемнага Богу ўсеспалення. Падчас уваскрасення гэтая вечаровая ахвяра перамянілася ў ранішні дар. Таму малітва, накіраваная з вернага сэрца толькі да Бога, узносіцца, як дым кадзіла ад святога алтара. Няма нічога больш прыемнага за водар Госпада: так пахнуць усе, хто верыць.

Таму, як кажуць словы Апостала, «былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху» (Рым 6, 6).

Св. Аўгустын