Наша ўяўленне пра Бога прадыктавана не чалавечым розумам, а Аб’яўленнем. Мы таксама па-рознаму разумеем глыбокае значэнне братэрства і міласэрнасці. Вернікі, якія ўступаюць у ложы, знаходзяцца ў стане цяжкага граху і не могуць прычашчацца. Аб гэтым нагадвае біскуп Антоніа Стальяна, які ўзначальвае Папскую багаслоўскую акадэмію.
«Масонская ерась — гэта ерась, якая ў сваёй аснове збягаецца з арыянскай ерассю», — адзначае кіраўнік Папскай багаслоўскай акадэміі, зноў вяртаючыся да гэтай тэмы ў размове з ватыканскімі медыя, каб выразна патлумачыць непрымірымасць паміж Каталіцкай Царквой і масонствам.
Бог, а не «Вялікі Архітэктар Сусвету»
«У рэшце рэшт, — адзначае дастойны Антоніа Стальяна, — менавіта Арый уяўляў Ісуса Вялікім Архітэктарам Сусвету, адмаўляючы боскасць Хрыста. Таму Нікейскі Сабор, 1700-годдзе якога мы хутка будзем святкаваць, рашуча сцвярджае ісціну пра Ісуса, Які ёсць роджаны, а не створаны, Бог ад Бога, Святло ад Святла, Бог Праўдзівы ад Бога Праўдзівага». І менавіта ідэя «Архітэктара Сусвету» або вялікага «Гадзіннікавага майстра», якую прапагандуе масонства, несумяшчальная з каталіцкай ідэяй Бога. «Таму што, — тлумачыць багаслоў, — гэтая ідэя з’яўляецца плодам чалавечага розуму, які намагаецца ўявіць сабе бога, у той час як каталіцкае разуменне Бога – гэта плод самога Аб’яўлення Бога ў Ісусе Хрысце. Па сутнасці, гэта плод гістарычнай падзеі, у якой Бог стаўся целам, наблізіўся да чалавецтва, прамовіў да ўсіх людзей і прызначыў іх для свайго збаўлення».
Зорная адлегласць
Таксама і канцэпцыя братэрства, якую прапануе масонства, аддаленая на светлавыя гады ад канцэпцыі братэрства каталіцкай веры. Біскуп Стальяна патлумачыў, што «наша братэрства заснавана на таямніцы Божай любові ў Ісусе, яно заснавана на Эўхарыстыі, а не толькі на агульнай ідэі быць братамі». Такія ж аргументы, дадае ён, можна прымяніць і да хрысціянскай міласэрнасці, якая «не мае нічога агульнага з масонскай філантропіяй». «Хрысціянская міласэрная любоў адпавядае гістарычнай падзеі Бога, Які памёр і ўваскрос дзеля нас і заклікае сваіх дзяцей быць не проста філантропамі, але быць гатовымі нават укрыжаваць сябе з любові», — падкрэсліў багаслоў.
Праўдзівае святло
Кіраўнік Папскай багаслоўскай акадэміі падкрэсліў поўную несумяшчальнасць паміж тым, каб быць католікам і належаць да масонства, указваючы, што «ў масонстве развіваюцца схемы акультнай улады, якія супярэчаць хрысціянскаму дзеянню», гаворачы пра «глыбокія супярэчнасці». Іншым важным пунктам дыстанцыявання з’яўляецца эзатэрыка, якая складаецца з духоўных дактрын, вельмі часта таемных і прызначаных для пасвячаных, што пранізвае масонскія вучэнні. «Таксама ў каталіцтве, — удакладняе дастойны Стальяна, — мы гаворым аб Таямніцы. Але Евангеллі гавораць нам, што Таямніца, схаваная ад вякоў, не перастае быць Таямніцай, але перастае быць схаванай. Бо Таямніца, схаваная ад вякоў, была аб’яўленая».
Пастаяннае асуджэнне з боку Царквы
Адсочваючы пастаяннае асуджэнне масонства Царквою на працягу стагоддзяў, дастойны Стальяна нагадвае апошні адказ Дыкастэрыі веравучэння біскупу Філіпінаў ад 13 лістапада 2023 г., зацверджаны Папам Францішкам, у якім пацвярджаецца, што актыўнае членства застаецца забароненым: «Вернікі, — заключае ён, — якія ўступаюць у ложы, знаходзяцца ў стане цяжкага граху і абсалютна не могуць прыступаць да Прычасця».
https://www.vaticannews.va/uk/church/news/2024-02/golova-bogoslovskoji-akademiji-pro-masonstvo.html