Трэба зразумець боязь Божую. Пры гэтым яе нельга атаясамліваць з агульным чалавечым пачуццём страхуС…

Трэба зразумець боязь Божую. Пры гэтым яе нельга атаясамліваць з агульным чалавечым пачуццём страху

Страх – гэта трапятанне людской слабасці, якая баіцца таго, чаго сабе не жадае. Такі род страху ўзнікае і жыве ў нас ад дакораў сумлення, ад загаду кагосьці больш магутнага, ад нападу мацнейшага, ад хваробы, ад нападу дзікага звера і ад усякага зла.

Таму гэтаму страху не трэба вучыцца, бо ён паходзіць з нашай прыроджанай слабасці. Мы таксама не павінны вучыцца, чаго нам трэба баяцца, бо гэтыя рэчы самі напаўняюць нас страхам.

А вось наконт боязі Божай напісана так: «Прыйдзіце, сыны, паслухайце мяне: навучу вас боязі Госпада» (Пс 34, 12). Таму боязі Божай трэба вучыцца, бо ёй вучацца. Яна не тое самае, што страх, але набываецца шляхам пазнання. Яна не вынікае з прыроднага страху, але набываецца праз захаванне запаведзяў, праз добрыя ўчынкі бязвіннага жыцця і пазнанне праўды.

Для нас жа боязь Божая заключаецца цалкам у любові, а дасканалая любоў з’яўляецца яе мэтай. Абавязак нашай любові да Бога менавіта ў тым, каб слухаць Яго павучэнні, падпарадкоўвацца законам і верыць абяцанням. Паслухаем жа, што кажа Святое Пісанне: «А цяпер, Ізраіль, чаго патрабуе ад Цябе Госпад Бог твой, акрамя таго, каб ты баяўся Госпада Бога свайго, хадзіў шляхамі Ягонымі і любіў Яго, а таксама, каб служыў Госпаду Богу свайму ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой сваёй, каб захоўваў запаведзі Госпада і пастановы Ягоныя дзеля твайго дабра?» (Друг 10, 12).

Ёсць шмат шляхоў Госпада, хоць Ён сам з’яўляецца шляхам. Але, калі Ён называе сябе дарогай, Ён указвае прычыну гэтай метафары: «Я – дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне» (Ян 14, 6).

Св. Гілярый