Усё гэта Госпад яшчэ больш выразна паказвае ў Евангеллі. Ісус бласлаўляе сваіх вучняў, надзяляе іх паўнатой улады і дае ім усе свае даброты. Трэба таксама згадаць святыя словы, якімі звяртаецца да Айца. Але сярод усіх слоў, якія кажа, і сярод ласкаў, якія ўдзяляе, ёсць адно найважнейшае, што як бы падсумоўвае сказанае. Гэта словы, якімі Хрыстос павучае сваіх вучняў заўсёды трываць у еднасці пры вырашэнні пытанняў і ў ацэнцы дабра, якое неабходна зрабіць; мець адно сэрца і адну душу і разглядаць гэтую еднасць як адзінае дабро; злучацца ў еднасці Духа і повязі спакою, утвараць адно цела і аднаго духа; разам адказваць на адно пакліканне і быць натхнёнымі адной надзеяй.
Аднак лепш будзе спаслацца на Божыя словы самога Евангелля: «Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне» (Ян 17, 21).
У гэтай еднасці заключаецца сапраўдная слава. Ніхто не можа аспрэчыць, што Дух Святы называўся «славай». Так, Пан кажа: «Славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім» (Ян 17, 22). І Ён сапраўды даў вучням тую ж славу, калі сказаў ім: «Прыміце Духа Святога».
Апрануўшыся ў чалавечую прыроду, Ісус прыняў тую славу, якую меў заўсёды, нават да стварэння свету. Дзякуючы Духу Святому яна была ўслаўленая, а ўсё, што звязана з гэтай славай, здзяйсняецца праз удзел Духа Святога. Пачаткам гэтай славы сталі Апосталы.
З гэтай прычыны Хрыстос кажа: «Славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно» (Ян 17, 22-23). Таму той, хто з дзіцяці вырас у мужа дасканалага, дасягнуўшы поўнай сталасці ў Хрысце, апынаецца ў такім асаблівым стане, які можа разумець толькі розум, асветлены верай. Нарэшце, ён становіцца здольным прыняць славу Духа Святога дзякуючы беззаганнаму жыццю і чыстасці. Такім чынам, гэта і ёсць тая дасканалая галубка, на якую пазірае малады, кажучы: «Адзіная галубка мая, дасканалая мая».
Св. Рыгор Ніскі