І ў іншым месцы: «Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі, Духа праўды» (Ян 14, 16-17). «Ён навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам. Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме» (пар. Ян 16, 13-14).
У гэтых словах сказана шмат для разумення намераў таго, хто спаслаў нам гэты дар, а таксама сутнасці і стану гэтага дару. З-за нашай абмежаванасці мы не можам зразумець Айца і Сына, але дар Духа Святога ўсталёўвае паміж намі і Богам пэўную дамову і гэтак асвятляе цяжкасці нашай веры адносна таямніцы Божага ўцелаўлення.
Таму мы прымаем Духа Святога, каб пазнаць Бога. Параўнаем гэта з пачуццямі чалавечага цела, якія становяцца бескарыснымі, калі няма адпаведнага стымулу. Напрыклад, ад вачэй няма ніякай карысці, калі няма святла ці мінуў дзень; няма карысці ад слыху, калі да вушэй не даходзіць ніякі голас ці шум; непатрэбным становіцца нюх, калі не адчувае ніякага паху. І гэта адбываецца не з віны прыроды, а з-за адсутнасці стымулу. Падобным чынам і розум чалавека, хоць мае здольнасць пазнаць Бога, аднак не мае святла пазнання, пакуль не прыме праз веру дар Духа Святога.
Такім чынам, дар, які ёсць у Хрысце, адзін і цалкам адкрыты для ўсіх. Хоць ён не перастае быць усюдыісным, удзяляецца ў такой ступені, у якой хтосьці хоча яго атрымаць, і застаецца ў такой ступені, у якой хтосьці жадае яго заслужыць. Ён з намі да самага канца вякоў, гэта суцяшэнне нашай надзеі. Яго дзеянне – гэта задатак таго, чаго мы чакаем, а сам Ён – святло для нашых розумаў і ўпрыгожанне нашых душ.
Св. Гілярый