Магчыма, дата святкавання — 6 жніўня — была абраная з-за сімвалічнасці 40-дзённага прамежку паміж святам Перамянення і святам Узвышэння Пачэснага Крыжа. Як паміж хростам Ісуса і Яго выхадам на публічную пропаведзь прайшло сорак дзён, так і тут 40 дзён паміж Перамяненнем і ўзыходам Ісуса на Крыж. Для літургічных тэкстаў свята важная сувязь паміж Перамяненнем і Укрыжаваннем:
“Да таго, як Ты, Госпадзе, быў укрыжаваны, гара сталася падобнай да неба, і хмара, быццам шацёр, ацяніла яе. Калі Ты перамяніўся на ёй, і голас Айца засведчыў аб Табе, там былі прысутныя Пятро і Якуб з Янам – што меліся быць з Табою, калі Цябе здрадліва выдалі, – каб, стаўшыся сведкамі славы Тваёй, яны не сумеліся, убачыўшы Твае мукі, якім дай і нам у супакоі пакланіцца ў вялікай міласэрнасці Тваёй”.
Новым акцэнтам у царкоўным святкаванні можна лічыць устанаўленне прамой сувязі паміж святам Перамянення і старазапаветным святам намётаў (Кучак). Кучкі — гэта свята радасці, падзякі, адпачынку ў намётах пасля збору ўраджаю. Беручы пад увагу словы Пятра: «Добра нам тут быць» і прапанову пабудаваць намёты, Царква тлумачыла Перамяненне як прадчуванне другога прышэсця Хрыстовага, у якім вернікі будуць радавацца і адпачываць, цешачыся сабранымі пладамі. Ідэя Перамянення як прадчування другога прышэсця Хрыстовага адлюстравана ў літургічных тэкстах: “Перамяніўся Ты, Збавіцелю, на гары Табор, паказаўшы змену, што мае стацца з людской прыродай, калі яна будзе праслаўленая ў другое прыйсце Тваё. Ілля і Майсей размаўлялі з Табою, і тры вучні, якіх Ты, Уладару, узяў з сабою, убачыўшы славу Тваю, сумеліся ад асляпляльнага ззяння Твайго”.
Калі свята Перамянення перайшло з Палестыны ў Канстанцінопаль, прамыя згадкі пра свята Кучак зніклі, таму яны адсутнічаюць у сучасным візантыйскім абрадзе. Тым не менш асвячэнне ў гэты дзень пладоў можна лічыць пэўнай сувяззю Перамянення са святам Кучак.
Пры гэтым варта ўлічваць, што ў першую чаргу гаворка ідзе пра асвячэнне вінаграду, які паспяваў у Палестыне ў пачатку жніўня. Існавала традыцыя сушыць вінаград, у тым ліку будаваць намёты для сушкі вінаграду. Бласлаўляючы першыя плады вінаграду, Царква дзякавала не проста за дары зямлі, але і за еднасць з Ісусам, «вінаграднай лазой», у Якім мы маем жыццё.