Той факт, што Скарына выдаў першай менавіта гэтую кнігу, можа тлумачыцца тым, што з даўніх часоў усходнеславянскія народы выкарыстоўвалі гэты тэкст для навучаньня грамаце, а праваслаўная царква — для богаслужэньня. Першыя ўсходне-славянскія пераклады Псалтыра адносяцца да XI стагодзьдзя.
Заснаваньне беларускага кнігадрукаваньня стала вяршыняй духоўнай дзейнасьці Францішка Скарыны, найбольш выразным і яскравым пралогам беларускага Адраджэньня 1-й паловы XVI стагодзьдзя. У друкаванай кнізе Скарына бачыў невычарпальныя магчымасьці духоўнай асьветы народа, выхаваньня высокіх хрысьціянскіх, маральных і грамадзянскіх якасьцей, усё большага далучэньня і актыўнага ўзаемадзеяньня з эўрапейскім культурна-гістарычным соцыюмам. Відаць, доўгія падарожжы па краінах з разьвітым кнігадрукаваньнем (Польшча, асабліва Італія, Чэхія й інш.), знаёмства з друкаванай кнігай, якая з канца XV стагодзьдзя ўсё ў большых маштабах пранікала на землі ВКЛ, спрыялі ягоным плянам, а падтрымка беларускіх мяшчанаў Вільні і Полацку забясьпечыла іхняе ажыцьцяўленьне.