Медытацыя на Вялікі Чацвер 2020 г.Б.
Дарагія браты і сёстры! Сябры!
1. Сёння ў цэнтры нашай ўвагі — падзеі Вялікага Чацверга. Гэта і намашчэнне ног Ісуса алеем, і здрада вучняў — спачатку Юды, а потым Пятра… Аднак цэнтральнай падзеяй усё ж з’яўляецца Тайная Вячэра.
Калі б вы раптам дазналіся, што заўтра павінны памерці, то што б зрабілі? Напэўна б паспяшаліся завяршыць важныя для вас рэчы. Бо толькі важныя рэчы (як мне здаецца) узгадваюцца перад абліччам смерці.
Вось жа для Ісуса такой важнай справай была Тайная Вячэра. На ёй Госпад закладае сакраманты-таямніцы Святарства ды Еўхарыстыі. Дзякуючы гэтым двум сакрамантам Ісус рэальна прысутны сярод нас пад выглядам хлеба і віна!
2. Цікава, што сённяшні тэкст Евангелля — гэта кампіляцыя розных фрагментаў Евангелляў.
Гэтак у тэкст евангеліста Мацвея ўстаўлены кавалачак тэксту евангеліста Яна. (Усё гэта дзеля таго, каб мы ў максімальнай ступені перажылі падзеі Вялікага Чацверга).
Апостал Ян не апісвае Тайную Вячэру так, як робяць тое іншыя Евангелісты. Напэўна Ён ужо быў знаёмы з іх тэкстамі, таму ў сваім Евангеллі звяртае ўвагу на тое, што сам лічыў нечым важным, істотным.
А менавіта евангеліст Ян апісвае нам абмыццё ног апосталаў, якое ўчыніў Ісус перад Тайнай Вячэрай! Свой учынак Госпад тлумачыць так: «Калі Я, Госпад і настаўнік, памыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб як Я зрабіў вам, рабілі і вы».
3. Такі прыклад, такія паводзіны Ісуса разрывалі ўяўленні пра тое, як павінен паводзіць сябе начальнік. Ды і ў нашыя часы прыклад Ісуса разрывае наш савецкі шаблон, паводле якога, калі я начальнік, то ты — дурак. Паводле ж Ісуса, калі я начальнік — я служу табе.
Стаць начальнікам паводле Ісуса вельмі проста, дастаткова ўзяць на сябе адказнасць, дастаткова пачаць служыць іншаму чалавеку.
Менавіта гэты аспект служэння з’яўляецца ключом для зразумення таямніцы Тайнай Вячэры, для зразумення містэрыі Вялікага Чацверга.
Падобна таму, як кожны з нас пакліканы да ўдзелу ў Еўхарыстыі, гэтак кожны з нас (хоць і ў рознай ступені) пакліканы да рэалізацы ў сваім жыцці хрыстовага святарства.
Хай жа кожнаму з нас Госпад дае адпаведную ласку, каб мы заўсёды заставаліся вернымі Яго прыкладу ды нашаму ў Хрысце пакліканню. Амін.
а.Андрэй Буйніч