10 БІБЛЕЙСКІХ СВЕДЧАННЯЎ ПРА БОСКАСЦЬ ІСУСА ХРЫСТА:1. Ісус Хрыстос ў Адкрыцці прамаўляе між іншым та…

10 БІБЛЕЙСКІХ СВЕДЧАННЯЎ ПРА БОСКАСЦЬ ІСУСА ХРЫСТА:

1. Ісус Хрыстос ў Адкрыцці прамаўляе між іншым такія словы пра Сябе: “Я Той, Хто выпрабоўвае сэрцы і вантробы; і аддам кожнаму з вас паводле ўчынкаў вашых” (2:23), тым самым амаль літаральна паўтараючы словы Бога, сказаныя прароку: “Я, Госпад, пранікаю ў сэрца і выпрабоўваю ўсярэдзіне, каб даць кожнаму паводле шляху ягонага і паводле плёну дзеяў ягоных” (Яр. 17:10). Падобныя словы мог сказаць толькі Госпад, Які адзін ведае сэрцы людзей (3 Цар. 8:39).

2. Цытуючы прарока Ісаю, св. Ян Багаслоў аднаўляе кантэкст яго слоў, кажучы пра тое, што “гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Яго (Хрыста) і казаў пра Яго” (Ян. 12:41). Звярнуўшыся да 6 раздзела кнігі Ісаі, мы пераконваемся, што прарок бачыў нікога іншага, як самога Госпада Саваота.

3. Ян Багаслоў у сваім пасланні кажа пра тое, што хрысціяне з’яўляюцца Божымі дзецьмі (1 Ян. 3:2). Усяго праз некалькі вершаў, без змены суб’екта дзеяння, Якім тут названы Бог, апостал паведамляе, што менавіта “Ён з’явіўся дзеля таго, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма граху” (3:5). Гэта не адзінае месца ў дадзеным пасланні, дзе Ян паведамляе пра Ісуса як пра Бога. На працягу ўсяго паслання апостал свабодна выкарыстоўвае дзеянні Бога і Хрыста, узаемазамяняючы гэтыя дзве Асобы. Тым самым ён, верагодна, указвае нам на адзінасутнасць Айца і Сына.

4. Госпад гаворыць прароку пра тое, што перад Ім схіліцца кожны род і Яго будзе вызнаваць кожнае племя (Іс. 45:23; Рым. 14:11). Ап. Павел, не сумняваючыся, літаральна адносіць гэтую заяву Бога да Ісуса Хрыста: “Таму і Бог узнёс Яго і даў Яму імя, вышэй за ўсякае імя, каб перад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, зямлі і ў апраметнай, і кожныя вусны вызнавалі, што Ісус Хрыстос ёсць Госпад на славу Бога Айца” (Флп. 2: 9-11).

5. Ісус кажа пра тое, што ведае Бога ў той жа меры, у якой Бог ведае Яго, г. зн. дасканалым чынам (Ян. 10:15). Такая заява ад абмежаванага стварэння з’яўлялася б хлуснёй і блюзнерствам, паколькі Бога спазнаць цалкам не здольны ніхто (Рым. 11: 33-34). Справядлівасць гэтай заявы мы можам прызнаць толькі ў тым выпадку, калі будзем лічыць Ісуса Істотай, роўнай Богу, г. зн. тым жа Богам.

6. У апошніх радках Адкрыцця Усявышні, названы Альфай і Амегай (пар. 1:8 і 22:12), папярэджвае: “Вось, прыйду неўзабаве”. Літаральна праз некалькі вершаў, апостал усклікае: “Так, прыйдзі, Госпадзе Ісусе!” (22:20), тым самым недвухсэнсоўна паказваючы, Каго ён чакае з такім нецярпеннем.

7. Апостал кажа нам пра тое, што ў Хрысце “жыве ўся паўната Боства цялесна” (Кал. 2: 9). Як можна іншасказальна зразумець гэты канкрэтны выраз, незразумела.

8. Са Святога Пісання мы ведаем, што “Бог ёсць любоў” (1 Ян. 4:8). У той жа час Ісус кажа пра тое, што найвышэйшы ўзровень любові, які толькі магчымы – гэта аддаць сваё жыццё за сваіх сяброў (Ян. 15:13). Узнікае пытанне: калі Бог, Які з’яўляецца дасканалай Любоўю, не здольны ахвяраваць Сваім жыццём дзеля чалавека, то як Ён можа патрабаваць гэтага ад Свайго слабога стварэння? Супярэчнасць здымаецца, калі мы верым, што Хрыстос Сам з’яўляецца ўвасобленым Богам-Любоўю, які выканаў гэтую запаведзь ў поўнай меры.

9. “Бог Сваю любоў даказвае нам тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі» (Рым. 5:8). Любоў Божая можа даказвацца смерцю Яго Сына толькі ў тым выпадку, калі апошні Сам з’яўляецца Богам. Інакш мы назіраем вельмі жудасную карціну: адна Істота прымушае пакутаваць іншую невінаватую і, тым самым, спрабуе нешта даказаць людзям і прабачыць ім за гэта. У такім выпадку Хрыстос мала чым адрозніваўся б ад тых незлічоных ахвярных ягнятаў, якія прыносіліся Богу ў Старым Запавеце.

10. “Сын Божы прыйшоў і даў нам святло і розум, каб спазналі Бога сапраўднага і каб былі мы ў Сапраўдным Сыне Ягоным, Ісусе Хрысце. Гэты ёсць сапраўдны Бог і жыццё вечнае” (1 Ян. 5:20). Хрыстос тут названы сапраўдным Богам і жыццём вечным. Акрамя таго, Ян аднойчы ўжо называў Ісуса «жыццём вечным» (1 Ян. 1:2), а да Бога Айца не адносіў гэта найменне нідзе.