У дачыненні да хрысціянаў воля імператара Галерыя Максіміяна была выказана адназначна: «Караць смерцю кожнага, хто заклікае імя Укрыжаванага». Аднак Зміцер, замест таго, каб гнаць і караць смерцю хрысціян, стаў адкрыта вучыць жыхароў горада хрысціянскай веры і выкараняць паганскія звычаі і ідалапаклонства.
Калі Максіміян даведаўся, што прызначаны ім праконсул – хрысціянін, і многіх рымскіх падданых, захопленых яго прыкладам, ён навярнуў у хрысціянства, імператар, вяртаючыся з паходу ў Прычарнамор’е, вырашыў весці войска праз Тэсалонікі, поўны жадання расправіцца з салунскімі хрысціянамі.
Калі імператар увайшоў у горад, да яго паклікалі Змітра, і ён смела вызнаў сябе хрысціянінам і выкрыў няпраўду і марнасць рымскага шматбожжа. За гэта Максіміян загадаў заключыць яго ў вязніцу. Між тым імператар аддаўся змрочным гладыятарскім відовішчам, любуючыся, як яго любімы асілак, германец па імені Лій, скідаў з памоста на дзіды воінаў пераможаных ім у барацьбе хрысціянаў.
Юнак, па імені Нестар, з салунскіх хрысціян, прыйшоў у вязніцу да свайго настаўніка Змітра і прасіў блаславіць яго на адзінаборства з варварам. Па благаславенню Змітра, Нестар адолеў германца і скінуў яго з памоста на дзіды воінаў, як забойца-язычнік скідаў хрысціянаў. Разгневаны валадар загадаў неадкладна пакараць смерцю святога мучаніка Нестара (памяць 27 кастрычніка) і паслаў варту ў вязніцу забіць Змітра, які блаславіў яго на подзвіг.
Цела святога велікамучаніка Змітра было выкінута на з’ядзенне дзікім звярам, але салунскія хрысціяне ўзялі яго і таемна пахавалі. Пры святым роўнаапостальным імператары Канстанціне над магілай святога Змітра была ўзведзена царква.
З VII стагоддзя пры саркафагу велікамучаніка Змітра пачынаецца цудоўнае выцяканне пахучага міра, у сувязі з чым велікамучанік Зміцер атрымлівае царкоўнае найменне Міраточац.
Памяць святога Змітра Салунскага спрадвеку звязвалася на нашых землях з воінскім подзвігам, патрыятызмам і абаронай Айчыны. Святы выяўляецца на іконах ў выглядзе воіна ў даспехах з дзідай і мячом у руках.